29 кастрычніка салезіянская сям'я Беларусі сабралася ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, каб памаліцца за памерлых сабратоў. Дварэц - гэта месца, дзе сто год таму салезіяне распачалі сваю дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Таму невыпадкова, што на традыцыйную малітоўную сустрэчу, прысвечаную памяці аб памерлых сабратах, салезіяне сабраліся менавіта ў гэтай вёсцы.
Сустрэча распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. На пачатаку дэлегат прывітаў усіх прысутных сабратоў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў і ўсіх мясцовых вернікаў, шматлікія з якіх яшчэ памятаюць дзейнасць салезіянаў у сваёй парафіі. Асаблівыя словы ўдзячнасці кс. Віктар скіраваў да мясцовага пробашча Паўля Скубы, які ўжо каторы год гасцінна прымае салезіянаў у сваёй парафіі. Пасля кс. Артур Ляшнеўскі SDB зачытаў імёны памерлых салезіянаў, якія працавалі на нашай зямлі і за якіх цэлебруецца святая Імша.
Казанне да прысутных прамовіў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску і дэкан дэканату Мінск-Усход кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Разважаючы над Евангеллем, святар звярнуў увагу на тое, што кожны з нас на працягу жыцця рыхтуецца да спаткання з “Жаніхом”, як і панны, якія з алеем чакалі ўваходу на вяселле. Кожны з нас ведае дату свайго нараджэння, але ніхто не ведае, калі адыдзе ў вечнасць, таму да гэтага пераходу трэба быць падрыхтаваным заўсёды, сваім жыццём і сваімі ўчынкамі.
“З чым мы станем перад абліччам нашага Нябеснага Жаніха Езуса Хрыста, які прыйшоў нас збавіць? Ці вартыя мы будзем атрымаць тое вечнае святло, якое Ён падрыхтаваў для нас у небе?” – задаў пытанне прысутным кс. Аляксандр, і падкрэсліў, што, успамінаючы сваіх блізкіх памерлых, варта маліцца за спачылых святароў і братоў законных, каб яны праз сваё заступніцтва дапамаглі і нам увайсці ў Валадарства Нябеснае.
Пасля Імшы прысутныя памаліліся каля могілак кс. Людвіка Віткоўскага SDB і сабратоў каад’ютараў Стэфана Залеўскага SDB і Казіміра Ляхоўскага SDB, а потым паехалі ў Дзятлава, дзе быў асвечаны адноўлены помнік на могілке кс. Яна Вялькевіча SDB.