16 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) развіталіся са спачылым айцом Леанардам Цеханоўскім OCD. Апошнія 21 год святар служыў на Астравеччыне ў гудагайскай парафіі i парафіі св. Андрэя Баболі ў Градоўшчыне.
На Эўхарыстыі, падчас якой асаблівa дзякавалі Богу за дар гэтага святара, яго адданае і вернае служэнне, сабраліся шматлікія вернікі парафіі, а таксама іншых месцаў. Прысутныя дзякавалі Пану за тое, што ім было дадзена сустрэць айца Леанарда, які сваім простым і сціплым стылем жыцця быў здольны прывесці іншага чалавека да Бога.
На пачатку пахавальнай Імшы настаяцель манаскай супольнасці ў Гудагаі а. Юрый Находка OCD выказаў словы прывітання ўсім прысутным, падзякаваўшы за выразы спачування, скіраваныя айцам кармэлітам.
Імшу ў інтэнцыі спачылага ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, яе канцэлебравалі Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, дыяцэзільныя святары і кармэліты з усіх манаскіх супольнасцяў нашай краіны.
У гаміліі рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD нагадаў біяграфію спачылага. Святар адзначыў, што айцец Леанард служыў з вялікім самапрысвячэннем людзям, да якіх быў накіраваны сваімі настаяцелямі, і адышоў у вечнасць у цішыні сваёй манаскай келлі ў кляштары ў Гудагаі, як выглядала ўсё яго служэнне – ціхае і сціплае.
Рэгіянальны вікарый прывёў жыццё а. Леанарда ў лічбах: ён нарадзіўся і правёў дзяцінства і маладосць у невялікім горадзе Браньску ў Польшчы. 63 – столькі гадоў пражыў на зямлі, 37 – гэта гады, на працягу якіх хадзіў у кармэліцкім хабіце, 33 – гады святарства. З гэтага 21 год, пачынаючы з 2001 года, – ціхае служэнне, спачатку крыху ў Нарачы, а потым, да смерці, у Гудагаі ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай.
Пасля заканчэння пахавальнай Імшы біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў абрад развітання з памерлым у касцёле. Потым ва ўрачыстай працэсіі, згодна з традыцыяй, кармэліты занеслі труну з целам сабрата на прыкасцёльныя могілкі, дзе а. Леанард ад Божай Любові, кармэліт босы, быў пахаваны ў малітоўнай атмасферы пад спеў Salve Regina.
Айцец Леанард Цеханоўскі нарадзіўся 6 лістапада 1957 г. у Браньску на тэрыторыі сённяшняй Дрогічынскай дыяцэзіі (Польшча). Пасля заканчэння школы паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Ломжы, дзе прайшоў двухгадовае вывучэнне філасофіі і аднагадовае тэалогіі (1976-1979).
Распазнаўшы ў сабе пакліканне, уступіў у красавіку 1984 г. у Ордэн кармэлітаў босых. Пасля праходжання навіцыяту прынёс 8 красавіка 1985 г. першыя манаскія абяцанні. Далейшае вывучэнне тэалогіі праходзіў у Вышэйшай духоўнай семінарыі кармэлітаў босых у Кракаве.
19 сакавіка 1988 г. прынёс вечныя манаскія абяцанні і прыняў пасвячэнне дыяканату, 1 чэрвеня 1988 г. – прэзбітэрскае пасвячэнне.
У 1988-1989 гадах быў катэхетам у Кракаве, затым у 1989-1990 гадах у Клюшкоўцы. Наступныя шэсць гадоў працаваў у Вроцлаве, дзе быў катэхетам, вікарыем парафіі і эканомам кляштара.
У 1996 г. стаў настаяцелем новай фундацыі кармэлітаў босых у Гарзендзеі, дзе пэўны час выконваў таксама функцыі магістра пастулантаў.
У красавіку 2001 г. выказаў настаяцелям жаданне паехаць у Беларусь. Служыў у Гудагаі з 2001 г. да смерці.
Кс. Юрый Марціновіч