Skip to main content

Рэкалекцыі кармэлітаў босых прайшлі ў Навагрудку

rec karmelity 2З 4 па 8 кастрычніка пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку кармэліты босыя з Рэгіянальнага вікарыяту ў Беларусі сабраліся на сваіх штогадовых манаскіх рэкалекцыях.

Як паведамляе karmel.by, на рэкалекцыі прыбылі прадстаўнікі з ўсіх супольнасцяў кармэлітаў босых у Беларусі – з Гудагаю, Мядзела, Нарачы, Мінска. Распачаліся рэкалекцыі малітвай да Духа Святога. Таксама браты даручылі Божай Міласэрнасці ў малітве спачылага а. Бэрнарда Радзіка, які нядаўна адышоў у вечнасць.

Духоўныя канферэнцыі і гаміліі прамаўлялі прадстаўнікі Ордэну Братоў Капуцынаў. Тэматыка рэкалекцый была засяроджана на асобе святога Юзафа, год якога праходзіць цяпер у Касцёле.

Была звернута ўвага на паслухмянасць Юзафа Богу, нягледзячы на свае планы, мары і чалавечае неразуменне жыццёвых абставін. Таксама падкрэслівалася, што ёсць адно пакліканне кожнага чалавека – святасць і еднасць з Богам, а ўсе іншыя служэнні і прафесіі з’яўляюцца сродкамі ў дасягненні гэтай мэты.

rec karmelity 6

Рэкалекцыяніст рабіў націск на неабходнасць самарэалізацыі, самапазнання і здзяйснення плану збаўлення праз практыку манаскага жыцця, малітву і няспыннае паглыбленне духоўных ведаў.

На працягу ўсіх рэкалекцый адчувалася атмасфера братэрства, радасці і ўдзячнасці Пану Богу за дар супольнасці Кармэля.

Духоўныя практыкаванні служаць паглыбленню духоўнага жыцця, аднаўленню веры, надзеі і любові, а таксама дапамагаюць засяродзіцца над рэалізацыяй манаскай харызмы сярод штодзённага служэння і працы.