3 кастрычніка ў лідскай парафіі Святой Сям’і адбылася юбілейная ўрачыстасць 25-годдзя манаскага жыцця сястры Хелены Пляхімовіч з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай. Законніца шмат гадоў служыць у гэтай парафіі, найперш у катэхізацыі дзяцей і моладзі.
На ўрачыстасці сабраліся ўдзячныя парафіяне, каб падтрымаць сваімі малітвамі руплівую сястру.
Святую Імшу ўзначаліў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна i пробашч лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
На Эўхарыстыі сястра Хелена ў прысутнасці ўсіх вернікаў аднавіла свае манаскія абяцанні, а на заканчэнне ўрачыстасці выказала словы падзякі – найперш Богу, сям’і, святарам і манахіням, а таксама ўсім прысутным за малітву ў яе інтэнцыі.
Кангрэгацыя Дачок Марыі Беззаганнай, да якой належыць с. Хелена, была заснавана дзеля праслаўлення Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, таму кожная законніца гэтай супольнасці з першых дзён манаскага жыцця становіцца ўласнасцю Марыі.
Сёстры прыносяць сябе ў ахвяру Маці Божай як зброю для выратавання бліжніх малітвай і працай у патрэбах душы і цела, а таксама ўласным прыкладам. Яны пакліканы быць анёламі-апекунамі для жыхароў тых месцаў, дзе служаць кожны дзень.
Гэтая супольнасць законніц бесхабітовая, але яе сёстры амаль нічым не адрозніваюцца ад іншых манахінь, акрамя таго, што не носяць бачных адзнак, якія сведчылі б пра іх статус у грамадстве.
Сёстры Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай вядуць апостальскую дзейнасць у Лідзе, а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Свіры.
Кс. Юрый Марціновіч