4 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага. Таксама ў гэты дзень 17 вернікаў парафіяльнай супольнасці прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся шматлікія парафіяне і тыя, хто шануе Бедняка з Асізі.
Пробашч парафіі а. Сяргей Мігун OFMConv прывітаў усіх прысутных і звярнуўся з просьбай да іерарха ўдзяліць сем дароў Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі вернікам, якія былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтага сястрой Валерыяй з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.
Біскуп у гаміліі заахвоціў зірнуць на асобу св. Францішка, які адкрыў, што яго найважнейшая задача – адбудоўваць усю супольнасць Хрыстовага Касцёла, грунтоўна аднаўляць яго праз вяртанне да праўды Евангелля.
“У часы Францішка Каталіцкі Касцёл у духоўным вымярэнні нагадваў руіны: вера людзей была вельмі павярхоўнай, духавенству не хапала руплівасці і запалу ў абвяшчэнні Евангелля, паўставалі шматлікія ерэтычныя рухі і супольнасці, якія разбівалі еднасць Касцёла”, – нагадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што сярод гэтай духоўнай блытаніны Пан Бог паклікаў Францішка распачаць аднаўленне Касцёла: не праз рэформы і разломы, не праз бунты і непарадкі, не праз клеймаванне злоўжыванняў і памылак, а праз асабістае пакаянне і навяртанне, праз вяртанне да праўды Евангелля, да паслухмянасці Божаму слову і руплівасці ў абвяшчэнні яго людзям.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што Францішак і яго сабраты, якія далі пачатак Ордэну францішканаў, сапраўды духоўна аднавілі тагачасны Касцёл.
“Сваім навучаннем і прыкладам жыцця яны паказалі прыгажосць Евангелля, паказалі, што сапраўдную радасць, поўны супакой і поўнае шчасце можа даць чалавеку толькі Хрыстус і ніхто іншы”, – сказаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што чым больш чалавек з’яднаны з Хрыстом, чым больш здольны адкрыцца на аздараўляльнае дзеянне Божай ласкі, тым больш радасці і міру будзе мець у сабе і тым больш дабра зможа даць бліжнім. “Нам трэба памятаць, што крыніца духоўнай прыгажосці Францішка – гэта яго асабістыя адносіны з Богам, яго глыбокая вера і любоў да Хрыста ўкрыжаванага”, – звярнуў увагу іерарх, адзначыўшы, што гэта найважнейшае пасланне, якое скіроўвае да сучасных людзей Бядняк з Асізі.
Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень прымаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, біскуп Кашкевіч нагадаў, што гэты сакрамэнт – запрашэнне, каб весці жыццё, сталае духоўна, гэта значыць заснаванае на трывалым фундаменце веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў.
І, хоць сучасны свет так моцна адрозніваецца ад свету часоў Францішка, падкрэсліў іерарх, выклікі, перад якімі стаіць хрысціянін, вельмі падобныя.
“Сёння таксама нялёгка быць верным Хрысту, жыць Яго Евангеллем, дзяліцца дабром з бліжнімі, даваць сведчанне прыналежнасці да Касцёла, імкнуцца да святасці, нягледзячы на спакусы і пагрозы, якія нясе свет”, – сказаў біскуп.
Ён заахвоціў маладых людзей быць на ўзор св. Францішка адкрытымі на дзеянне Духа Святога і не баяцца даверыць Яму саміх сябе і ўсё сваё жыццё.
На заканчэнне Эўхарыстыі тыя, хто атрымаў сем дароў Духа ў сакрамэнце канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць іерарху, а таксама тым, хто рыхтаваў іх да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі