26 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат).
У мясцовай святыні, якая ў апошні час становіцца ўсё больш прыгожай, іерарх узначаліў Імшу.
На пачатку літургіі пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі прывітаў усіх прысутных, у тым ліку біскупа, папрасіўшы іерарха асвяціць новы абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, змешчаны ў галоўным алтары касцёла, і фігуру св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у бакавым алтары.
Эўхарыстыю біскуп цэлебраваў у інтэнцыі тых, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, асабліва за ўсіх хворых і церпячых, якія штодзень адчуваюць адзіноту, чакаючы дапамогі і падтрымкі.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай курыі кс. Юрый Марціновіч, разважаючы над фрагментам Евангелля на гэты дзень, падкрэсліў, што Езус запрашае кожнага чалавека, каб дазволіць Яго ласцы дакрануцца да збалелага, змучанага сэрца. Каб гэта магло здзейсніцца, па словах святара, трэба выдаліць з нашага штодзённага жыцця перашкоды, якія не дазваляюць жыць паўнатой Езусавага Адкуплення.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў абраз і фігуру, а звяртаючыся да парафіянаў, адзначыў важнасць жыцця, згоднага з Божым законам. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў ім на ўзор святога Юзафа любіць малітву, а таксама верна спаўняць задачы, якія паходзяць з іх стану.
Вернікі выказалі ўдзячнасць біскупу Гродзенскаму. Па іх словах, яны ўпэўнены, што прысутнасць пастыра дыяцэзіі сярод іх пасадзейнічае далейшаму духоўнаму развіццю іх супольнасці, якая сапраўды клапоціцца аб сваёй парафіяльнай святыні і жадае будаваць сваю будучыню на Богу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі