25 верасня ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) адбылася святая Імша, на якой шасцёра студэнтaў трэцяга курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі духоўны строй – сутану.
Гэтай Імшой распачаўся 2021/2022 навучальны год у семінарыі. Літургію ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які ўпершыню наведаў горад над Нёманам.
Шаноўнага госця прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што візіт прадстаўніка Папы Францішка набліжае асобу Святога Айца і дапамагае адчуць прыналежнасць да вялікай сям’і Касцёла.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне запэўніў нунцыя, што наш мясцовы Касцёл у сваіх малітвах падтрымлівае штодзённае служэнне Пантыфіка і выражае яму сыноўскую адданасць.
У Эўхарыстыі ўдзельнічалі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі намінат Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і выхаваўцы семінарыйнай супольнасці, святары, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, бацькі і блізкія студэнтаў.
У гаміліі Апостальскі нунцый звярнуў увагу, што постаць святога Юзафа – найпрыгажэйшы ўзор, якім фарматары семінарыстаў павінны натхняцца, клапоцячыся пра іх пакліканне. Іерарх нагадаў словы Папы Францішка, што кожная семінарыя павінна быць падобнай да “сям’і з Назарэта, у якой Езуса прымалі, клапаціліся і фармавалі для місіі, ускладзенай на Яго Айцом”.
Прадстаўнік Папы адзначыў, што святару важна быць вельмі дысцыплінаваным, “умець добра тлумачыць тэалогію, філасофію, малітву і многае іншае”, “але перш за ўсё ён павінен быць здаровым і добра разумець чалавечую прыроду”. Па словах арцыбіскупа, святар “не павінен быць жорсткім, але памяркоўным, пазбягаючы клерыкалізму, які з’яўляецца дэфармацыяй святарства”. Нунцый прывёў выказванне Папы: “Строгасці не хапае чалавечнасці”.
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч заклікаў семінарыстаў быць адкрытымі на сваіх фарматараў, змагацца з усімі формамі ўнутранай хлусні, быць здольнымі да сапраўднага сяброўства, клапаціцца пра духоўнае вымярэнне. Ён пажадаў, каб малітва стала для іх нагодай да асабістай сустрэчы з Богам.
“Паводле Папы, святар заўсёды з народам Божым: “Сапраўдны пастыр не адрываецца ад народа Божага: ён заўсёды побач, альбо спераду (каб паказаць дарогу), альбо пасярод людзей, каб зразумець іх лепш, ці ззаду, каб дапамагчы тым, хто крыху адстае, а таксама дазволіць свайму статку адшукаць новыя пашы”, – сказаў іерарх.
Падчас Імшы нунцый благаславіў сутаны семінарыстаў, якія затым апранулі іх у сакрыстыі. Ускладанне сутан з’яўляецца чарговым крокам у семінарыйнай фармацыі і знакам прыналежнасці да Касцёла.
На заканчэнне Эўхарыстыі рэктар семінарыі кс. Віталій Вайцяхоўскі выказаў удзячнасць усім за супольную малітву, а прысутным іерархам – за прысвечаны на гэтую сустрэчу час.
Словы падзякі выказалі таксама трэцякурснікі, якія атрымалі духоўны строй. Яны падзякавалі Богу за іх пастаяннае суправаджэнне і ўсе ласкі, а ўсім, хто паспрыяў іх фармацыі і падрыхтоўцы да гэтай урачыстай падзеі, паабяцалі сваю ўдзячнасць, якая будзе выражацца ў штодзённай малітве.
Кс. Юрый Марціновіч