19 верасня ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося свята з нагоды трыццаці год прысутнасці Дачок Марыі Успамогі, сясцёр салезіянак, на Беларусі.
Напярэдадні свята ў доме сясцёр салезіянак адбыўся малітоўны вечар. Усе прысутныя мелі магчымасць узнесці праз рукі Марыі малітву падзякі за ўсе радасныя і нялёгкія моманты трыццацігадовай гісторыі.
Само святкаванне распачалося ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На святой Імшы прысутнічалі ксяндзы салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, прадстаўнікі ўсіх галін салезіянскай сям’і, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі, сёстры з іншых манаскіх кангрэгацый, а таксама вернікі тых парафій, у якіх калісьці працавалі і ў якіх цяпер працягваюць сваю дзейнасць сёстры салезіянкі.
Гамілію біскуп Аляксандр пачаў словамі псальма: “Буду славіць Цябе, Пане, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе Твае цуды” (Пс 9,2). Менавіта гэтыя словы абралі сёстры як дэвіз юбілею.
Каментуючы псальм, біскуп нагадаў аб тым, што важна памятаць свае карані: “Менавіта гледзячы на вытокі існавання кангрэгацыі або манаскай сям’і, гледзячы сёння на вашыя вытокі, на вытокі вашай дзейнасці, вы таксама можаце ўсвядоміць і з усёй вастрынёю ўбачыць, як гэтая асаблівая харызма служэння чалавеку, асабліва маладому і пакінутаму, перажывалася ў 30-гадовай гісторыі, якія спарадзіла сілы і творчасць, з якімі канкрэтнымі цяжкасцямі ёй давялося сутыкнуцца і якія пераадолець. Вы добра ведаеце, колькі мужнасці было патрэбна, каб сёстры салезіянкі змаглі распачаць сваю евангелізацыйную місію па-новаму і ў новай, невядомай рэчаіснасці”.
Далей іерарх засяродзіў увагу прысутных на гісторыі прыбыцця і служэння Дачок Марыі Успамогі на тэрыторыі Беларусі. Яго Эксцэленцыя падкрэсліў важнасць і неабходнасць прысутнасці сясцёр салезіянак на тэрыторыі Беларусі, акрэсліў плён іх працы за мінулыя гады, а таксама пажадаў далейшага развіцця і пашырэння Інстытута сясцёр на нашых землях: “Працягвайце далей несці сваю паслугу ўсім людзям, асабліва дзецям і моладзі, заўважаючы іх духоўнае спусташэнне, каб дапамагчы ім і перш за ўсё ўмацаваць іх у любові да Бога і прывесці да Яго. Няхай 30-годдзе вашага існавання на гэтых землях дасць вам, дарагія сёстры, новыя сілы і новую моц”, – такімі словамі біскуп Аляксандр завяршыў сваё казанне.
Пасля ўрачыстага благаслаўлення ўсе запрошаныя госці склалі сардэчныя віншаванні і падзяку сёстрам за іх адданую працу і прысутнаць у Беларусі.
Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB ад імя ўсіх сабратоў падзякаваў сёстрам за супольную працу ў справе выхавання моладзі на Беларускай зямлі і ад салезіянаў Беларусі падарыў фігуру Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай, узгадаўшы што ад самага пачатку станаўлення Кангрэгацыі сясцёр яны даверылі сябе Марыі. Свае віншаванні святар завяршыў такімі словамі: “Няхай Маці Божая Успамога Хрысціянаў апякуецца кожнай з вас і вашай Кангрэгацыяй у нашай Айчыне, а св. Марыя Дамініка выпрошвае патрэбныя ласкі на далейшае жыццё і дзейнасць на карысць збаўлення маладога чалавека!”.
Працяг святкавання адбыўся ў салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі. Усіх запрошаных чакаў канцэрт, падрыхтаваны моладдзю, дзецьмі, суполкай ADMA, салезіянамі супрацоўнікамі, парафіяльным хорам, моладдзю з Бабруйска і ўсімі, хто пажадаў стаць часткай свята. Таксама ўвазе гасцей было прапанавана відэа з гісторыямі і ўспамінамі выхаванцаў сясцёр салезіянак.
Па салезіянскай традыцыі скончыўся канцэрт слоўкам, падрыхтаваным моладдзю, пасля якога сястра Тэрэса Сольнічэк FMA падзякавала ўсім, хто змог далучыцца да святкавання, а біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў прысутным благаслаўленне.