14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у будынку біскупскай курыі ў Гродне адбылося афіцыйнае абвяшчэнне рашэння Папы Францішка.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч абвясціў, што Святы Айцец прызначыў біскупа Юзафа Станеўскага, да гэтага часу дапаможнага біскупа і генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі, арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
На ўрачыстай падзеі сабраліся супрацоўнікі ўсіх аддзелаў курыі: святары, сёстры законныя, свецкія асобы.
Біскуп Кашкевіч ужо падзякаваў арцыбіскупу намінату за яго служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне. Іерарх падкрэсліў, што гэты дзень для нашага Касцёла з’яўляецца вялікай радасцю, але з іншага боку – днём сумным, бо мусім аддаць нашага іерарха для сталіцы.
У сваю чаргу арцыбіскуп намінат адзначыў, што ў гэты дзень асабліва выказвае падзяку Пану Богу за тое, што пажадаў зірнуць на яго, даверыўшы яму адказную задачу ў Касцёле.
Іерарх падзякаваў таксама Святому Айцу Францішку за вялікі давер, выказаў падзяку Апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Антэ Ёзічу, біскупу Гродзенскаму за шматгадовае супрацоўніцтва. Словы ўдзячнасці новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі скіраваў і ўсім супрацоўнікам Гродзенскай курыі, просячы аб асаблівай падтрымцы ў сустрэчы з новымі выклікамі і задачамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Сяліцкая