Арцыбіскуп намiнат Юзаф Станеўскі, да гэтага моманту дапаможны біскуп і генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі, якога Папа Францішак прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, даў першы каментарый пасля абвяшчэння гэтага рашэння Святога Айца.
“Сёння, 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, зноў да мяне звярнуўся Хрыстус Пан праз рашэнне Святога Айца Францішка з заклікам: “Пайдзі за Мной”. І сапраўды, гэты заклік, вялікае заданне, якое Папа ўскладвае на мае плечы, на маю сціплую асобу, – вялікі давер, – адзначыў арцыбіскуп-намінат. – І, ведаючы пра прыгожую, але і складаную гісторыю Мінска-Магілёўскага Касцёла, а таксама беручы пад увагу, што Мінск – сталіца нашай Бацькаўшчыны, ведаючы пра тых, якія ўзначальвалі да мяне Мінска-Магілёўскую кафедру, у тым ліку пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, вядома, не становішся смялейшым. Аднак, адчуваючы клопат Папы Францішка, яго давер, асабліва ў Год Святой Сям’і і Год святога Юзафа, зноў чуеш тое, што пачуў у свой час святы Юзаф – мой апякун. Ён пачуў ад арханёла: “Юзаф, не бойся! Вазьмі, прымі, згадзіся”. І сёння я кажу сваё: “Вось я, Пане. Пашлі мяне”.
“Звяртаюся з падзякай да Касцёла на гродзенскай зямлі, а асабліва да біскупа Аляксандра Кашкевіча, нашага пастыра, які ўдзяліў мне і пасвячэнне дыяканату, прэзбітэрату, і потым біскупскае пасвячэнне, за яго айцоўства, за яго клопат – не толькі пра дыяцэзію, але і канкрэтна пра маю асобу, – за тое, што быў для мяне прыкладам добрага пастыра. Таксама звяртаюся да святароў, айцоў і братоў законных, сясцёр законных, семінарыстаў, асабліва да моладзі, любай майму сэрцу, і ўсіх братоў і сясцёр у Хрысце Пану, людзей добрай волі, са словамі падзякі за наша супольнае крочанне дарогай Евангелля Езуса Хрыста, за тое, што мы супольна дзялілі радасць Евангелля”, – дадаў aрцыбіскуп намiнат Станеўскі.
“Скіроўваю сваё слова і да паствы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Дарагія біскупы, святары, айцы законныя, сёстры законныя, браты, семінарысты, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі! Звяртаюся да вас таксама словамі Святога Пісання, Старога Запавету: з заклікам і просьбай, каб вы мяне прынялі, бо я, Юзаф – ваш брат”, – сказаў іерарх.
“Сёння давяраю сваё новае служэнне ў Касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі апецы Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Каралевы Беларусі, а таксама ўсіх святых зямлі беларускай. Прашу і заклікаю Бога: Божа, благаславі Беларусь, наш народ і маё служэнне”, – заключыў арцыбіскуп намінат.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі