З вялікай радасцю і ўдзячнасцю Пану Богу мы прынялі навіну аб тым, што сёння Святы Айцец Францішак прызначыў Яго Эксцэленцыю біскупа Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
Мы перакананы, што ў асобе новапрызначанага арцыбіскупа Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і ўся мітраполія Каталіцкага Касцёла на Беларусі атрымала руплівага і разважлівага пастыра, які ў духу любові да Хрыста Пана, адказнасці і клопату пра дабро Божага народу будзе весці даручаную яму супольнасць лакальнага Касцёла шляхам веры да Хрыста, адзінага Збаўцы свету і Адкупіцеля чалавека.
Словы сыноўскай удзячнасці і запэўнівання ў безумоўнай вернасці скіроўваем Святому Айцу Францішку, які, прызначаючы новага арцыпастыра Мінска-Магілёўскай мітраполіі, даў яскравы і недвухсэнсоўны выраз сваёй айцоўскай любові і клопату пра Каталіцкі Касцёл і верны народ на Беларусі.
Яго Эксцэленцыю арцыбіскупа наміната ад усяго сэрца віншуем, а адначасова выказваем выразы глыбокай удзячнасці за яго ахвярнае, руплівае служэнне нашаму Касцёлу на Гродзеншчыне, а таксама за ўсё дабро, якое дзякуючы яго служэнню стала нашым удзелам.
Жадаем Яго Эксцэленцыі шчодрага Божага благаслаўлення, святла Духа Святога, пастаяннай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, добрага здароўя, фізічных і духоўных сіл, а таксама ўсялякіх ласкаў у служэнні Касцёлу на новай ганаровай і адказнай пасадзе.
Няхай пастырскае служэнне арцыбіскупа будзе адлюстраваннем пасланніцтва св. Юзафа – мужа малітвы і пакоры, які ўважліва слухаў Божае слова і быў гатовы верна ажыццяўляць яго, адважнага і разважлівага, які сваё пасланніцтва разумеў у катэгорыях служэння і асабістага прысвячэння. Няхай праз служэнне арцыбіскупа-наміната радасць Евангелля дасягне сэрцаў усіх вернікаў дыяцэзіі, памнажаючы ў іх любоў да Бога, удзячнасць за Яго дары і жаданне быць Яго вернымі вучнямі.
Няхай Бог благаславіць!
Гродна, 14.09.2021 г.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>
Тэкст Звароту па-польску ТУТ>>>