Skip to main content

Ружанец праз тэлефон: Касцёл патрабуе малітоўнай еднасці моладзі

Засведчыць, што ружанец ёсць малітвай для моладзі, а таксам злучыць моладзь некалькіх гарадоў у малітоўным адзінстве – такія мэты стаялі ў арганізатараў ружанцовай малітвы праз тэлефон, якая адбылася 7 кастрычніка ў Фарным касцёле ў Гродне.
Чаму ўзнікла ідэя скарыстаць новыя тэхналогіі ў размове з Богам, патлумачыў кс Антоні Грэмза, кіраўнік моладзевага душпастэрства OPEN:

- Ружанец праз мабільныя сродкі сувязі - гэта пэўная форма сучаснай евангелізацыі. Бо сёння касцёл заахвочвае да супольнай малітвы, заахвочвае, каб мы карысталіся сродкамі масавага пераказу не толькі для камунікацыі паміж сабой, але і каб больш хутка і масава пераносіць малітоўную інфармацыю. Сёння ёсць патрэба выкарыстоўваць найноўшыя сродкі сувязі для евангелізацыі. Перажываючы месяц святога ружанца, мы маем абавязак шырэй распаўсюджваць ружанец сярод моладзі. Мы лічым, што выкарыстанне сучасных сродкаў можа прыцягнуць увагу моладзі да малітоўных разважанняў. У Гродзенскай дыяцэзіі існуюць розныя малітоўныя моладзевыя ружы, якія мы хацелі аб’яднаць у адно на ружанцы праз тэлефон, злучыць у малітоўнай еднасці моладзь з Гродна, Ліды, Шчучына, Ваўкавыска і Смаргоні. Такім чынам мы хочам сведчыць, што моладзь хоча маліцца на ружанцы, што гэта сучасная малітва, а не толькі малітва бабуль.

Папярэдне праводзіліся тры рэпетыцыі, таму што супольны ружанец у такой форме ладзіўся ўпершыню. У Катэдру на незвычайную малітоўную сустрэчу прыйшло шмат моладзі. Аднак не толькі хлопцаў і дзяўчат прывабіла цікавая ідэя – у касцёл прыйшлі і сталыя людзі, і цэлыя сем’і. Перад ружанцам ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да моладзі з прамовай, у якой адзначыў, што “сёння Касцёл патрабуе вашай малітоўнай еднасці”. І калі ёсць магчымасць гэта рабіць праз сучасныя сродкі сувязі, то гэтым трэба карыстацца.

Першую частку Таямніцаў святла прамаўляла моладзь з Гродна. Перад малітвай некалькі маладых удзельнікаў распавялі, што ў іх жыцці азначае ружанцовая малітва. На астатніх таямніцах ружанца па чарзе праз тэлефон далучалася моладзь з іншых гарадоў.

Нягледзячы на невялікія тэхнічныя перашкоды, супольны ружанец праз тэлефон усім прысутным падаўся удалай ідэяй, якая можа прывабіць у Касцёл моладзь і сведчыць пра малітоўную еднасць маладых людзей, што знаходзяцца на адлегласці.