На мінулым тыдні ў парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні адбыліся “канікулы з Богам”. На летнім адпачынку сабралося больш за 70 дзяцей і падлеткаў ад 6 да 17 гадоў.
Усе дні парафіяльных катэхетычных сустрэч былі аб’яднаны тэмай “Цуды Езуса Хрыста”.
Кожны дзень распачынаўся супольнай святой Імшой, а міні-катэхеза суправаджалася фільмам паводле Евангелля пра пэўны цуд Езуса. Дзеці замацоўвалі веды працай у групах: малявалі, ляпілі, выразалі, спявалі і танцавалі.
Падчас канікул адбыліся дзве паездкі. У Гудагаі дзеці памаліліся перад цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай, а на тэрыторыі кляштара айцоў кармэлітаў былі арганізаваны актыўныя і інтэлектуальныя гульні.
Дзеці наведалі таксама парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца з побытам старажытнай шляхецкай сядзібы.
Плёнам канікул стаў не толькі адпачынак, але і знаёмства з праўдамі веры, узбагачэнне духоўнага жыцця, пазнанне Бога і таго, што Ён ёсць сярод нас заўсёды і ўсюды. Арганізатары канікул і самі дзеці ўдзячныя Пану за спрыяльнае надвор’е, а таксама ўдзячныя ўсім аніматарам і ўдзельнікам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі