28 жніўня каля 80 вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) наведалі санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат), каб у малітве прасіць Божага благаслаўлення на новы навучальны год.
Як паведамляе catholic.by, пілігрымку арганізаваў і ўзначаліў пробашч вілейскай парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла.
У санктуарыі пілігрымаў сустрэў кусташ айцец Аркадзь Куляха OCD, які распавёў пра гэтую святыню і абраз Маці Божай Гудагайскай. У праграме наведвання санктуарыя была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасць прыступіць да споведзі.
Цэнтрам дня стала святая Iмша, у якой удзельнічалі таксама пілігрымы з Ашмянаў, якія прыбылі ў Гудагай на роварах.
У гаміліі айцец Аркадзь разважаў пра таленты, падкрэсліўшы, што Бог дае кожнаму з нас нашмат больш, чым мы можам сабе ўявіць. Пасля Эўхарыстыі пілігрымы памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
“Гэтым летам я наведала некалькі санктуарыяў; у большасці з іх была ўпершыню. Калі я ўвайшла ў касцёл у Гудагаі, у мяне ўзнікла пачуццё, быццам я тут ужо была, таму што адчула сябе тут вельмі ўтульна, нібы каля Нябеснай Маці. Для мяне гэта была яшчэ адна „духоўная падзарадка“ перад новым навучальным годам”, – падзялілася ўражаннямі студэнтка Эльвіра Плюсніна.