Пры парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе пасля невялікага перапынку былі арганізаваны “канікулы з Богам” для дзяцей. Яны прайшлі з 23 па 29 жніўня і былі прысвечаны тэме сямі святых сакрамэнтаў. Гэты тыдзень быў поўны цікавых гульняў, танцаў, спеваў, катэхез і малітваў.
На канікулах сабралася каля 160 дзяцей, якія пад апекай моладзі і з яе дапамогай вучыліся разам маліцца, праслаўляць Бога і праводзіць разам час. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся на пяць груп: “Авечкі Божыя”, “Святыя Бонусы”, “Божыя дзьмухаўцы”, “Пілігрымы”, “Сябры анёлаў”.
Кожны дзень пачынаўся са святой Імшы, падчас якой наймалодшыя парафіяне разам з кс. Раманам Вайцяховічам, вікарыем парафіі, разважалі пра адзін з сакрамэнтаў. Дапаўненнем да гэтага былі штодзённыя канферэнцыі, з якімі выступалі семінарысты і сястра Галіна Занеўская CSFN. На працягу дня дзеці ўдзельнічалі ў вясёлых танцах і гульнях. Яны вучыліся працаваць у камандзе і падтрымліваць адзін аднаго.
Акрамя таго, дзеці каталіся на каньках, глядзелі ў кінатэатры мультфільм, разам з аніматарамі малявалі плакаты, удзельнічалі ў спаборніцтвах паміж камандамі. У адзін з дзён канікул яны пачаставаліся сапраўдным хот-догам.
Таксама была арганізавана “Вялікая гульня”. Дзеці разам з аніматарамі шукалі ў парку пэўныя лічбы, а потым адказвалі на пытанні, якія датычылі як ведаў па рэлігіі, так і агульных ведаў.
У перадапошні дзень маленькія парафіяне мелі магчымасць падчас адарацыі падзякаваць Богу за гэты насычаны тыдзень, за ўсё, што іх сустрэла на “канікулах з Богам”, выказаць свае патрэбы і просьбы, папрасіць прабачэння за правіны.
Скончыліся канікулы канцэртам, да якога дзеці рыхтаваліся ўвесь тыдзень. На пачатку пробашч кс. Уладзімір Гуляй звярнуўся да ўсіх з пастырскім словам, падкрэсліўшы важнасць летніх канікул. Ён падзякаваў дзецям за ўдзел і прыклад хрысціянскай любові, а таксама падзякаваў моладзі, для якой калісьці таксама праводзіліся такія канікулы, за дапамогу ў іх арганізацыі.
Падчас канцэрту кожная група прадставіла спевы і танец. Пры вызначэнні пераможцы былі ўзяты пад увагу паводзіны, камандны дух і ўдзел каманды ў гульнях на працягу тыдня. Першае месца была прысуджана камандзе “Божыя дзьмухаўцы”.
Дзеці падзякавалі святарам, законным сёстрам, семінарыстам і моладзі за весела праведзены час. Першага верасня яны пачнуць новы навучальны год і паабяцалі, што пачнуць яго сапраўды з Богам.
Ангеліна Гірчыц
Фота: Дзіяна Бранчэль, Аляксей Ціхан, Ангеліна Гірчыц