З 20 па 22 жніўня ў Азёрах адбыліся рэкалекцыі для мужчын на тэму “Фарміраванне сумлення”. На духоўных практыкаваннях сабраліся ўдзельнікі з Гродна, Ліды, Шклова, Росі і Азёраў.
Рэкалекцыі праводзіў пробашч мясцовай парафіі Хрыста Валадара а. Томаш Ксёнжкевіч CMF.
Рэкалекцыяніст распавёў сабраным, што Пан Бог надзяляе сваё стварэнне дарамі, сярод якіх розум, воля, сумленне.
Прысутныя ўзгадалі словы са Святога Пісання: “Не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае” (Рым 12, 2).
Удзельнікі даведаліся, што для фарміравання сумлення і для таго, каб учынкі чалавека былі сумленнымі, трэба карыстацца інструментамі, якія Нябесны Айцец даў кожнаму і сярод якіх Святое Пісанне – першая крыніца, першая прылада ў фарміраванні сумлення: “адкрый слых сваёй душы на голас Божы”.
Таксама яны даведаліся, што важна скарыстацца матэрыялам, назапашаным у Божым Касцёле, і прыступаць да сакрамэнтаў, якія Збаўца падарыў людзям у Касцёле.
Акрамя таго, на рэкалекцыях звярталася ўвага, што не заўсёды чалавечы закон адпавядае духоўным законам, і ў такіх выпадках належыць кіравацца законам сумлення, упісаным у сэрцы кожнага.
Адзначалася, як важна фарміраваць сябе, абапіраючыся на збаўчае слова Пана Езуса Хрыста, і старацца быць падобнымі да свайго Стварыцеля.