16 жніўня каля капліцы ў вёсцы Бабраўнікі, якая адносіцца да парафіі ў Варнянах (Астравецкі дэканат), адбылася святая Імша ў літургічны ўспамін св. Роха, які адзначаецца ў гэты дзень.
Капліца ў Бабраўніках носіць тытул гэтага святога, які лічыцца апекуном урачоў, фармацэўтаў, садоўнікаў, працаўнікоў палёў, вязняў, шпіталяў, а таксама хатніх жывёл.
Як паведамляе сайт парафіі св. Юрыя Мучаніка, жыхары вёскі разам з парафіянамі з іншых вёсак прыбылі да капліцы, каб праз заступніцтва святога Роха ўзнесці малітвы да Бога.
Імшу цэлебраваў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах кс. Дзмітрый Леўчык. Ён распавёў прысутным, якім складаным было жыццё св. Роха, а таксама адзначыў, што мясцовым жыхарам вельмі пашанцавала, бо гэты святы ахоўвае іх ад хваробаў.
На заканчэнне была прачытана літанія да св. Роха і вернікі атрымалі благаслаўленне.
Пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі падзякаваў усім, хто прыбыў на свята, за дар супольнай малітвы і прысутнасць.