З 1 па 7 жніўня пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку – на зямлі, асвячанай крывёю благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц, – адбыліся рэкалекцыі руху “Gloriosa Trinita”, які дзейнічае пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.
У духоўных практыкаваннях удзельнічала 77 чалавек, якія, слухаючы Божае слова, адаруючы Езуса Эўхарыстычнага і служачы адзін аднаму, узгаднялі сваё жыццё з праўдай Евангелля.
Час, аддадзены Езусу, ніколі не бывае страчаны, а прыносіць благаслаўлёныя плёны. Прадстаўляем некаторыя сведчанні з гэтых выключных, святых дзён.
Вераніка:
“Перад рэкалекцыямі стала адчуваць у сабе сухасць да веры, сённяшні тэмп жыцця паступова адсоўваў ад Пана Бога. Вельмі хацелася атрымаць духоўнае абнаўленне ў сабе, перажываючы цудоўны час.
Яшчэ раз пераканалася ў тым, што Пан Бог знаходзіцца побач і ў кожнай жыццёвай сітуацыі магу цалкам пакласціся на Яго. У час рэкалекцый убачыла, што, нягледзячы ні на што, Езус мяне любіць і робіць для мяне столькі цудаў.
Адчула на сабе Яго любоў у поўнай меры. На адной з адарацый адчула дзеянне Святога Духа і ў той момант зразумела, што гэтыя рэкалекцыі мяне зменяць.
Хачу сказаць дзякуй Пану Богу за тое, што запрасіў нас у супольнасць, за сястру Катажыну, за тое, што дазволіў перажыць цудоўныя рэкалекцыі”.
Iнга:
“Гэтыя рэкалекцыі для мяне былі падарункам ад Бога. Ён мне паказаў, што ўсё так жа любіць мяне, не пакідае адну ў гэтым свеце трывог, няпэўнасці і страху. Зараз я сябе адчуваю абноўленай і супакоенай”.
Алена:
“Гэта чарговы аазіс у пустыні, дзе паднялі, адзелі, накармілі, падмацавалі Словам і далі з сабой багаж таго, што патрэбна для жыцця…
Яшчэ раз была звернута ўвага на важнасць пакоры, з якой праслаўляецца воля Пана Бога ў кожнай сітуацыі і прымаецца як найлепшае.
Важнасць выбару слоў пры размове, каб не раніць бліжняга. Кожнае слова мае значэнне.
Адзінства супольнасці, адносіны паміж сабой, размовы.
Іншае бачанне некаторых момантаў. Напрыклад, страх перад смерцю змяняецца на радасць чакання сустрэчы з Езусам.
Мы адказныя за атрыманыя дары і ласкі. Што зробім з імі?
Чым рабіць вялікія справы без любові, лепш рабіць маленькія справы, але з вялікай любоўю. Са спакоем і даверам…”
Лідзія:
“За гэты год я перажыла шмат цяжкасцяў і перамен у маім жыцці, але ўсё, што я раблю, цяпер я разглядаю з новага пункту гледжання, ведаючы, што на маім баку любячы, вечны Бог.
Я веру ў тое, што няма нічога такога, з чым Бог і я не маглі б справіцца разам. А што датычыць душэўнай напоўненасці, якую я так доўга шукала, я нарэшце яе атрымала на гэтых рэкалекцыях”.
Каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць “Gloriosa Trinita” ўзнікла ў 2000 г. у Італіі. Гэты рух – прыватнае таварыства вернікаў, накіраванае перш за ўсё на сем’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і.
Мэта руху – ажыўленне веры ў сем’ях і ў сэрцах усіх людзей. Таму яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця сучаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі