Вячэрняй святой Імшой 4 жніўня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне распачаліся ўрачыстасці, прысвечаныя Маці Божай Кангрэгацкай.
На пачатку літургіі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі прывітаў прысутных вернікаў. Святар заўважыў, што мінула роўна 357 гадоў, як у святыню быў урачыста ўнесены абраз, на якім Маці Божая прадстаўлена з Дзіцяткам Езусам на руках. З гэтага часу вернікі нястомна знаходзяцца перад ім з просьбамі, падзякамі і праслаўленнем.
“112 цудаў да гэтага моманту было зарэгістравана ў кнізе цудаў, на працягу стагоддзяў Марыя заўсёды апекавалася намі, – сказаў кс. Ян. – Маці Божая Кангрэгацкая і цяпер выслухоўвае нашыя просьбы аб аздараўленні і дапамозе”.
Эўхарыстыю перад алтаром Маці Божай Кангрэгацкай цэлебраваў айцец палатын Яўген Эйсмант. Святар адзначыў, што з іменем Марыі спалучана слова “мама”. “Для нас мама –наш сябар, яна заўсёды выслухае і стане на твой бок, апякуецца табою. Мама чуе іначай, чуе ўсё. І сёння мы стаім перед абразом Маці Божай Кангрэгацкай, якая ведае боль і радасць нашага сэрца, Яна чуе, Яе не атрымаецца падмануць”, – дадаў ён.
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вернікі горада распачалі чуванне, запланаванае да поўначы.
Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай
О Марыя, Найсвяцейшая Багародзіца Кангрэгацкая, пакорна дзякуем Табе за тое, што шчодра адорваеш ласкамі і дабротамі сваіх слугаў, якія пабожна ўшаноўваюць Цябе ў Тваім гродзенскім абразе. Мы, нягодныя Твае слугі, пакорна просім Цябе не забывацца таксама і пра нас. Будзь нашаю Заступніцаю перад Тваім Сынам, каб Ён асцярог нас ад граху і прывёў да вечнага збаўлення; май у апецы краіну нашу і верны Табе народ Божы; благаславі нашыя сем’і і няспынна захоўвай іх у любові, супакоі і адзінстве; вазьмі пад апеку нашую моладзь і не дай ёй збочыць са шляху справядлівасці, але дазволь ёй узрастаць у веры і цнотах, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.
Вольга Сяліцкая