31 ліпеня – 1 жніўня ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку, які ў 2018 г. быў абвешчаны санктуарыем благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц, адбылося начное малітоўнае чуванне ў інтэнцыі сем’яў.
У святыні, дзе маліліся благаслаўлёная сястра Стэла і яе дзесяць паплечніц, якія загінулі ў час вайны, аддаўшы жыццё за іншых людзей, сабраліся вернікі, каб разам адзначыць 78-ю гадавіну расстрэлу навагрудскіх законніц. Большасць прысутных складала моладзь.
У межах сустрэчы вернікі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца, набажэнстве Крыжовага шляху, выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы кс. Андрэй Радзевіч. Падчас чування маліліся за ўсе сем’і нашай краіны, бо менавіта за бацькаў сем’яў назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё ў 1943 г.
Сустрэча завяршылася святой Імшой, якая цэлебравалася ў 4.30 раніцы – прыблізна ў той час, калі сёстры прынялі ў Батароўскім лесе мучаніцкую смерць з рук гітлераўцаў.
Кс. Юрый Марціновіч