31 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 78 гадоў таму ў час вайны былі расстраляны адзінаццаць манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сабраліся на малітве пілігрымы.
Ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё сабралося шмат людзей. Прысутныя дзякавалі за дар благаслаўлёных мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ў Беларусі, праз іх заступніцтва прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў. Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй панавалі мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні.
Вернікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
Эўхарыстыю ўзначаліў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што Батароўскі лес 78 гадоў таму стаў Кальварыяй, на якой назарэтанкі па прыкладзе Езуса Хрыста ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх. “Гісторыя Навагрудка ведае прыклад мучаніц, якія, умацаваныя Божай ласкай, здолелі дасягнуць вяршыні святасці на шляху менавіта такой бязмежнай любові да бліжняга, як ахвяра ўласнага жыцця”, – сказаў дапаможны біскуп дыяцэзіі.
Па яго словах, перамога мучаніц і іх сведчанне працягваюць сёння моцай Бога прыносіць духоўны плён, таму на гэтай зямлі, акропленай іх крывёю, асаблівым чынам належыць прасіць Пана аб дары веры.
“Тут было жыццё, тут нашыя продкі закладвалі падмурак веры для дома жыцця. Тут былі планы і надзеі, бо тут наша і нашых продкаў “абяцаная зямля”. Аднак тут і ненавідзелі жыццё, чалавека як Божае стварэнне і вобраз. Больш за тое – тых, хто пайшоў за Хрыстом праз пакліканне да манаскага жыцця”, – дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што назарэтанкі, паміраючы, не памерлі. “Благаслаўлёныя мучаніцы звяртаюцца да нашых сэрцаў: “Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея прынясе ў вас плён вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні, каб па прыкладзе жыцця і ахвяры мучаніц аддана ісці за Хрыстом””, – адзначыў генеральны вікарый.
На заканчэнне Імшы да прысутных звярнулася правінцыяльная сястра беларускай правінцыі назарэтанак Філатэя Ціхановіч CSFN, якая падзякавала за дар супольнай малітвы, а таксама заахвоціла і далей узносіць да Бога свае просьбы праз заступніцтва навагрудскіх мучаніц.
Смерць адзінаццаці назарэтанак не была выпадковай, а была ахвярай, прынесенай Богу з любові да бліжняга. Неспасціжная любоў жыла ў сэрцах сясцёр, якія на малітве двойчы прасілі Пана аб смерці ўзамен за іншых: за 120 арыштаваных гестапа жыхароў Навагрудка і наваколля і мясцовага капелана кс. Аляксандра Зянкевіча.
Гэтая ахвяра была дасканалым увянчаннем любові да Бога і людзей, якую сёстры праяўлялі ў сваім штодзённым жыцці і служэнні ў Навагрудку.
Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць памаліцца ў цішыні на гэтым месцы, дзе назарэтанкі-мучаніцы аддалі жыццё за іншых. Вернікі пакідалі лес у засяроджанасці, з думкай, што наша зямля – благаслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не выракліся Бога, а здолелі застацца Яму вернымі да канца.
Няхай прыклад жыцця мучаніц з Навагрудка будзе натхненнем для сучасных людзей у штодзённым спаўненні абавязкаў, у тым, каб даваць сведчанне веры словам і ўчынкам, любіць бліжняга і бескарысліва дапамагаць патрабуючым.
Кс. Юрый Марціновіч