Skip to main content

У Доме міласэрнасці ў Каменцы адзначылі Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей

kamenka 2325 ліпеня ў Паўсюдным Касцёле ўпершыню адзначаўся Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей. Яго ўстанавіў Папа Францішак, жадаючы нагадаць пра тых, хто стаяў ля нашых вытокаў і хто сёння часта становіцца забыты ў грамадстве.

У Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбыліся галоўныя ў Гродзенскай дыяцэзіі святкаванні гэтага дня.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Эўхарыстыю ў капліцы Дома міласэрнасці ў інтэнцыі ўсіх яго жыхароў і персаналу.

Як адзначыў іерарх, літургія слова на гэты дзень кажа, што хлеб з’яўляецца Божым дарам, аб якім мы просім кожны дзень, прамаўляючы малітву Панскую: “Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння”.

Біскуп звярнуў увагу, што сучасны чалавек усё яшчэ не ўмее дзяліцца, і сёння, падобна як молімся аб хлебе штодзённым, трэба маліцца аб цудзе перамянення чалавечых сэрцаў, каб супольнымі намаганнямі палітыкаў, эканамістаў, прадпрымальнікаў і проста людзей добрай волі праблема голаду ў свеце нарэшце была пераадолена.

kamenka 41

Іерарх падзякаваў усяму персаналу на чале з дырэктарам, генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці сястрой Фаўстынай Цыдзік, за штодзённае служэнне, такое патрэбнае людзям.

У Доме міласэрнасці, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), знаходзяцца пад апекай больш за 80 чалавек з розных частак нашай краіны. Ужо больш за 15 гадоў там знаходзяць свой дом шмат пажылых і хворых людзей з невылечнымі хваробамі ці інваліднасцю. Частка з іх не ўстаюць з ложка. Там жывуць і католікі, і праваслаўныя, няма падзелу на “вашых” і “нашых”, таму жыхароў наведваюць як каталіцкі, так і праваслаўны святары.

Кс. Юрый Марціновіч