18 ліпеня сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча прынялі вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Ваўкавыскі дэканат). Да сакрамэнту прыступілі 60 чалавек.
Іерарх узначаліў у велічным касцёле святую Імшу, падчас якой асаблівым чынам маліўся за тых, хто прымаў у гэты дзень дары Духа Святога ў канфірмацыі.
Перад прыняццем сакрамэнту кандыдаты супольна адказалі, якіх дароў чакаюць ад Бога, і аднавілі абяцанні хросту.
Пасля адмысловай малітвы іерарх удзяліў сакрамэнт, робячы знак крыжа на чале кожнага з тых, хто яго прымаў.
Біскуп заахвоціў вернікаў, асабліва моладзь, каб для іх не прамінулі дарма самыя цудоўныя гады іх жыцця, а каб яны былі для сучаснага свету, які часта жыве так, быццам Бога не было, жывым Евангеллем.
Іерарх пажадаў маладым людзям, каб Дух Святы, якога яны прынялі ў гэтым сакрамэнце, перамяняў іх жыццё і дапамагаў ім кожны дзень быць сапраўднымі сведкамі ў сваім асяроддзі, на месцах працы ці вучобы.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Мар’ян Хаменя SCMA падзякаваў пастыру Гродзенскай дыяцэзіі за прыбыццё і дар супольнай малітвы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўгенія Бердзік