Моладзь парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) адзначыла сярэдзіну лета пілігрымкай да Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы.
Гэтае лета, якое вельмі спякотнае і спакойнае, бо ўжо другі год у Гродзенскай дыяцэзіі не адбываецца вялікіх пілігрымак і іншых масавых мерапрыемстваў, моладзь парафіі праводзіць разам, раніцай збіраючыся на прабежку, а вечарам на валейбол і іншыя забавы. Дзякуючы кс. Андрэю Струкелю моладзь не мае часу сумаваць і 15 ліпеня адправілася ў пешую пілігрымку ў Капцёўку.
Хлопцы і дзяўчаты ішлі да Маці Божай з рознымі інтэнцыямі, падзякамі і просьбамі. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, моладзь мела добры настрой і моц духу, каб спяваць Гадзінкі, маліцца Ружанец, а таксама ўсю дарогу праслаўляць Бога спевамі і танцамі. У маленькім падарожжы ішлі як вопытныя пілігрымы, якія сумуюць па штогадовым паходзе да Маці, так і тыя, для каго гэта было ўпершыню. Але і тыя, і іншыя атрымалі толькі пазітыўныя эмоцыі.
У Капцёўцы маладых людзей прывітаў пробашч парафіі кс. Міхал Ластоўскі, які пазнаёміў з гісторыяй санктуарыя і абраза Маці Божай Яснагорскай. У санктуарыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой пілігрымы ў цішыні маглі падзякаваць за ўсе Божыя дары і папрасіць заступніцтва нябеснай Маці. Пасля была магчымасць споведзі і святая Імша, якую ўзначаліў арганізатар пілігрымкі кс. Андрэй.
У гаміліі пробашч між іншым адзначыў, што “Ружанец – гэта галоўны сродак сувязі, каб падтрымліваць кантакт з нашай Мамай”.
Моладзь удзячная ксяндзу Міхалу за яго гасціннасць, добры настрой і час, праведзены з ёю.
Больш фотаздымкаў з жыцця парафіі можна ўбачыць у моладзевым парафіяльным інстаграме .
Наталля Лазоўская