У Гудагаі ідзе падрыхтоўка да адпустовых урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай. Падчас сёлетніх урачыстасцяў вернікі будуць дзякаваць за 30 гадоў служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, 40 гадоў з часу прэзбітэрскага пасвячэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100 гадоў з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса.
У дыяцэзіяльным санктуарыі айцы кармэліты разам са сваімі парафіянамі рыхтуюцца да гэтай падзеі духоўным чынам, молячыся аб Божым благаслаўленні на час падрыхтоўкі і правядзення ўрачыстасцяў.
Акрамя таго, вернікі актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі да святкавання. Ужо былі адноўлены абразы на ружанцовых дарожках, ружанцовыя каплічкі, прыведзены ў парадак клумбы з кветкамі, а ў апошні час таксама магілы святароў, пахаваных у Гудагаі.
Сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай адбудуцца 17-18 ліпеня, падчас іх усе жадаючыя будуць мець магчымасць атрымаць кармэліцкі шкаплер.
Кс. Юрый Марціновіч