1 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падпісаў дэкрэт аб вяртанні капліцы ў Варонe (Астравецкі дэканат) яе гістарычнага тытулу св. Філамены.
Як паведамляе сайт варнянскай парафіі, пасля разбурэння капліцы былі страчаны ўсе дакументы. Доўгі час яна знаходзілася ў разбураным стане.
Дзякуючы намаганням былога пробашча кс. Здіслава Пікулы SDB капліца была адрамантавана. На той момант ёй быў дадзены тытул у гонар апекуна касцёла ў Варнянах святога Юрыя. Сёння дзякуючы намаганням пробашча кс. Віктара Захарэўскага капліца вярнула гістарычны тытул.
Святая Філамена нарадзілася 10 студзеня 289 г. у Нікопалесе (Грэцыя) у часы праўлення імператара Дыяклетыяна ў сям’і нованавернутых хрысціян, якія былі высокімі службовымі асобамі ў адной з правінцый Рымскай імперыі. Дзяўчынка з’явілася на свет дзякуючы старанным і пастаянным малітвам бацькоў, якія доўга не мелі дзяцей. Таму назвалі яе Філамена, што значыць “дзіця святла”, а ў перакладзе з грэцкай мовы – “любімая”.
Бацькі выхоўвалі маленькую святую вельмі пабожна. З дзяцінства яна гарэла вялікай любоўю да свайго Збаўцы. Упершыню яна прыняла Камунію ў пяць гадоў, а ў адзінаццаць прысвяціла сябе Хрысту, таму што толькі Яму належала яе чыстае нявіннае сэрца. Дзяўчынка расла ў ласцы і дабрыні.
Калі Філамене споўнілася дванаццаць гадоў, бацька адправіўся ў Рым, каб ўласкавіць Цэзара Дыяклетыяна, які пагражаў яму вайной. Ён так моцна любіў дзіця і жонку, што, не жадаючы расставацца з імі, узяў іх з сабой у падарожжа. Дыяклетыян, убачыўшы прыгажосць дзяўчынкі, адразу пажадаў уступіць у шлюб з ёй.
Бацькі ўзрадаваліся, што так лёгка могуць заключыць мір з імператарам, і патрабавалі ад Філамены згоды на шлюб. Аднак яна адмовіла, улічваючы сваё прысвячэнне Богу. Цэзар усялякімі спосабамі спрабаваў схіліць яе да сябе, але спробы былі марнымі, і ён стаў ёй пагражаць.
Філамена смела адказвала на пагрозы адмовамі, таму што заставалася вернай свайму нябеснаму Абранніку. Імператар кінуў яе ў вязніцу, закаваўшы ў кайданы, пазбавіўшы ежы акрамя хлеба і вады, і кожны дзень прыходзіў да вязніцы ў надзеі на згоду.
Падчас зняволення Філамене з’явілася Панна Марыя, каб падрыхтаваць да блізкіх пакутаў. Нябесная Маці запэўніла ў сваёй апецы і паабяцала даслаць ёй на дапамогу Арханёла Габрыэля. На саракавы дзень па загадзе Цэзара Філамену жорстка бічавалі так, што яе цела ператварылася ў суцэльную рану. Дзяўчыну кінулі ў турму з перакананнем, што яна памрэ, але Бог паслаў да яе двух анёлаў і аздаравіў яе.
Здзіўлены імператар зноў стаў угаворваць дзяўчыну на шлюб, але дарма. Раз’юшаны, ён загадаў прывязаць ёй да шыі жалезны якар і ўтапіць ў рацэ Тыбр. Але два анёлы зноў выратавалі Філамену: яны разарвалі шнур, якім быў прывязаны якар, і вынеслі яе на бераг на вачах здзіўленых людзей. Тады Цэзар загадаў цягнуць дзяўчыну вуліцамі, як чараўніцу, а пасля забіць стрэламі з лукаў. У яе стралялі і зноў кінулі ў турму, але Бог зноў яе аздаравіў.
Цэзар зноў загадаў забіць яе стрэламі, але стрэлы не хацелі вылятаць з лукаў. Ён закрычаў, што гэта чараўніца, і ў страшнай лютасці загадаў запаліць стрэлы і страляць, але Бог зноў здзейсніў цуд: стрэлы паляцелі ў супрацьлеглы бок і забілі некалькі лучнікаў. У вялікім страху Дыяклетыян загадаў адсекчы Філамене галаву. Гэта здарылася 10 жніўня 302 года, а пятнаццатай гадзіне ў пятніцу – у той жа час, калі памёр наш Збаўца.
Парэшткі Філамены былі знойдзены 25 мая 1802 года ў катакомбах св. Прысцылы. На яе труне знайшлі сімвалы яе катаванняў: пальмавую галіну, сімвал яе чысціні – белую лілею, біч, тры стралы (дзве з іх звернутыя ў процілеглы бок, а адна быццам палае ад агню) і якар. Побач з парэшткамі была знойдзена ампула з яе крывёю, якую сабралі падчас яе смерці.
У 1837 г. Папа Грыгорый XVI кананізаваў Філамену. Так маленькая дзяўчынка стала вялікім прыкладам вернасці Хрысту і прыпадобнілася да Яго не толькі духоўна, але і фізічна, пакутуючы за свайго Нябеснага Абранніка.
Літургічны ўспамін св. Філамены адзначаецца 11 жніўня.