У парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Галоўную святую Імшу ўзначаліў а. Віктар Мялешка OFMConv, які 29 мая атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Таксама ў Эўхарыстыі ўдзельнічалі дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына, кс. Казімір Мурава SDB, кс. Ян Варанецкі, кс. Павел Паўлюкевіч, кс. Артур Ляшнеўскі SDB, а. Станіслаў Садоўскі OFMConv, кс. Павел Беразун.
Дзякуючы паслузе а. Аляксея Юхневіча OFMConv падчас урачыстасці можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv, які павіншаваў з імянінамі тых, хто носіць імя Ян або Яніна, а таксама прадставіў а. Віктара Мялешку.
У гаміліі кс. Ян Пузына разважаў аб пакліканні на прыкладзе св. Яна Хрысціцеля, які атрымаў вялікае заданне ад Бога і выканаў Яго план. Святар заклікаў кожнага не змарнаваць свайго паклікання, уважліва ўслухоўвацца ў голас Бога і выконваць Яго волю.
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту з Літаніяй да св. Яна Хрысціцеля, затым вернікі і святары прайшлі ў эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла.
На заканчэнне ўрачыстасці парафіяне павіншавалі кс. Яна Пузыну і кс. Яна Варанецкага з імянінамі, а таксама пажадалі плённай працы на Божай ніве а. Віктару Мялешку. Малады францішканін удзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне і ўручыў памятныя абразкі.
Пробашч падзякаваў вернікам і святарам за ўдзел у Эўхарыстыі і шчырую супольную малітву.
Людміла Пясецкая