19 чэрвеня ў навагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла адбылося асвячэнне адноўленага алтара Святога Крыжа, які разам з будынкам касцёла быў знішчаны бальшавікамі пасля Другой сусветнай вайны. Асвячэнне здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі падчас урачыстай Імшы іерарх раскрыў сутнасць Крыжа Хрыста. “У патопе чалавечага граху Хрыстус узышоў на крыж і ўваскрос, каб даць пачатак новаму свету праведнасці. Ён святар, ахвяра і алтар. Ён здымае праклён і гарантуе перамогу жыцця над смерцю”, – патлумачыў арцыбіскуп.
“Алтар – гэта знак Хрыста. Гэта Ягоны Крыж, на якім Ён ахвяруецца за нашыя грахі. Гэта Яго пустая магіла і Яго ўваскрасенне. Тут цэлебруецца Эўхарыстыя – самая дасканалая ахвяра, падчас якой мы абвяшчаем смерць Езуса, вызнаём Яго Уваскрасенне і чакаем прыйсця ў славе. Алтар аб’ядноўвае нас. Мы падыходзім да яго, каб прыняць святую Камунію і атрымаць благаслаўленне”, – адзначыў іерарх.
Арцыбіскуп дадаў, што “нам неабходна як мага часцей набліжацца да алтара, на якім нараджаецца і адорвае сваёй ласкай Хрыстус, каб мы былі здольнымі несці крыж нашага жыцця і з надзеяй ішлі ў будучыню”.
Па словах іерарха, крыж, “жудасны інструмент цярпенняў, дзякуючы крыжовай смерці Хрыста і Яго слаўнаму Уваскрасенню стаў знакам збаўлення і надзеі”. Алтар Святога Крыжа ў навагрудскім касцёле, як падкрэсліў ён, заклікае звяртаць большую ўвагу на крыж, які дзякуючы пасхальнай таямніцы Езуса стаў інструментам нашага збаўлення.
“Хрыстус не любіць напалову адчыненых дзвярэй, напалову пройдзенай дарогі ці двайнога жыцця. Ён патрабуе выйсці на дарогу нашага хрысціянскага жыцця не абцяжаранымі свецкімі справамі. Гэта нялёгка, бо гэта крыжовы шлях супрацьстаяння дабра і злая. Але адначасова – гэта шлях праўды, любові, міласэрнасці і прабачэння”, – сказаў арцыбіскуп.
На заканчэнне Імшы было здзейснена асвячэнне алтара. Пасля адбылося адкрыццё выставы мастацкіх твораў Анатоля Наліваева “Храмы Радзімы”. На пляцоўцы перад касцёлам пры ўваходзе ў будынак, дзе размясцілася выстава, прысутных прывітаў пробашч парафіі св. Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын. У сваім слове святар адзначыў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды падтрымліваў сапраўдную культуру. Затым да прысутных звярнуліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнік сям’і Наліваевых і мастацтвазнаўца Ларыса Міхневіч.
На заканчэнне цырымоніі адкрыцця выставы арцыбіскуп Кандрусевіч і сябар мастака Анатоля Наліваева Юрый Пташынскі перарэзалі чырвоную стужку.
Кожны прысутны меў магчымасць наведаць выставу і паўдзельнічаць у экскурсіі па прадстаўленых мастацкіх творах.
Марына Раманчук