Навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне да формулы “малiся i працуй” дадаюць таксама “адпачывай”. Таму ў нядзелю 13 чэрвеня адмiнiстрацыя i навучэнцы каледжа наведалі Новую Руду – вёску на Гродзеншчыне.
У гэтай маляўнічай мясцовасці размешчана прыгожая драўляная святыня, дзе на працягу 30 гадоў знаходзіўся арыгінальны абраз Езуса Міласэрнага, напісаны паводле ўказанняў св. Фаўстыны Кавальскай мастаком Яўгенам Казіміроўскім.
У святыні навучэнцы каледжа прынялі ўдзел у Імшы, якую цэлебраваў айцец канонік Андрэй Шчупал CSsR, яго выкладчык. Святар пазнаёміў удзельнікаў з багатай гісторыяй святыні, дзе столькі часу ўшаноўваўся цудадзейны абраз, які зараз знаходзіцца ў Вільні.
Таксама ўдзельнiкi супольна адпачывалі, малiлiся, знаёміліся бліжэй і цешыліся прыгажосцю прыроды.
У канцы да групы далучыўся дырэктар каледжа кс. Юрый Марціновіч, які выказаў удзячнасць а. Андрэю за запрашэнне, а таксама падзякаваў тым, хто прычыніўся да арганізацыі гэтай сустрэчы, якая сапраўды паспрыяе інтэграцыі навучэнцаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі