У нядзелю 6 чэрвеня ў маладой гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай адбылася важная падзея. Група дзяцей – пяць дзяўчынак – упершыню прыступіла да эўхарыстычнага стала, прыняўшы Пана Езуса ў святой Камуніі ў свае сэрцы.
Гэтая падзея сапраўды гістарычная, бо парафія, якая атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў лістападзе 2019 года, першы раз у сваёй гісторыі перажывала такую ўрачыстасць.
Імша, на якой сабраліся шматлікія парафіяне, госці парафіі, родныя і блізкія дзяцей, якія прыступалі да Камуніі, цэлебравалася ў святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат).
Вернікі новай парафіі дзякуючы дабрыні мясцовага пробашча карыстаюцца гэтай святыняй да моманту ўзвядзення сваёй часовай капліцы.
Імшу цэлебраваў пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай ксёндз Юрый Марціновіч, які падчас Эўхарыстыі заахвоціў дзяцей старацца заўсёды быць блізка да Бога і пажадаў, каб Ён стаў іх сапраўдным Сябрам.
Імшу ўпрыгожыў спевам дыяцэзіяльны хор “Cantate Domino” пад кіраўніцтвам Генрыха Давідовіча, яго нязменнага кіраўніка і дырыжора. Дзякуючы гэтаму спеву літургія стала больш урачыстай, што спрыяла яе адпаведнаму перажыванню.
На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці, якія ў гэты дзень запрасілі Езуса ў сваё сэрца і жыццё, падзякавалі Пану за клопат пра іх і іх сем’і.
Таксама яны з узрушанасцю дзякавалі пробашчу, які на працягу апошняга года рыхтаваў іх да гэтай падзеі, сваім бацькам, блізкім і ўсім прысутным у святыні.
Падсумоўваючы гэты дзень, душпастыр маладой і жывой парафіі падкрэсліў, што ўрачыстасць назаўсёды ўпішацца ў гісторыю гэтай парафіяльнай супольнасці, якая вялікімі крокамі ідзе да таго, каб у бліжэйшы час устанавіць крыж і асвяціць пляцоўку пад будаўніцтва сваёй уласнай святыні ў цэнтры гарадскога мікрараёна Баранавічы, які імкліва развіваецца.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі