30 мая ў Гервятах (Астравецкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. У святыні, якую называюць беларусім Нотр-Дамам, сабраліся ў гэты дзень шматлікія парафіяне і вернікі Астравеччыны.
Як паведамляе ostrovets.by, пачаткам фэсту па традыцыі стала святая Імша, якую ўзначаліў дэкан Астравецкага дэканату кс. канонік Юзаф Багдзевіч.
Гамілію прамовіў суддзя касцёльнага суду Гродзенскай дыяцэзіі кс. Андрэй Зайко. Ён засяродзіў увагу на Святой Тройцы, шчырасці ў веры і самаадданасці Богу продкаў, якія будавалі гэтую велічную святыню ў Гервятах. Падчас Імшы маліліся на трох мовах – беларускай, літоўскай і польскай. Літургія завяршылася працэсіяй вакол касцёла.
Пасля Імшы на пляцоўцы побач з касцёлам адбылося шматнацыянальнае свята. На пачатку канцэртнай праграмы гледачоў прывіталі пробашч парафіі ў Гервятах кс. Дзмітрый Леўчык, які ў гэтай якасці ўпершыню ўдзельнічаў у адпустовай урачыстасці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Генадзь Бычко.
Выступленні хору “Польскае рэха Астраўца”, народнага ансамблю інструментаў “Скарбніца”, ансамблю народнай песні “Кемяліна” і творчых калектываў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў – украінцаў, армян, казахаў, азербайджанцаў, яўрэяў – не пакінулі гледачоў абыякавымі. Паказ нацыянальных строяў арганізаваў цэнтр беларускіх рамёстваў “Скарбніца”.
На працягу дня горад майстроў і гандлёвыя палаткі, якія раскінуліся ля прыкасцёльнай плошчы, вабілі салодкімі пеўнікамі і пернікамі, вырабамі з гліны, лазы і саломкі.
Сімвалічна, што менавіта ў Гервятах, дзе спрадвеку ў згодзе і ўзаемапавазе побач жывуць беларусы, літоўцы, украінцы, у гэты дзень панавала суквецце талентаў розных нацынальнасцяў з многіх куточкаў Беларусі.