Адразу пасля свята Апошняга званка выпускнікі 11 класа адправіліся ў касцёл св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат), каб разам з бацькамі і настаўнікамі дзякаваць за атрыманыя веды і прасіць Божага благаслаўлення не толькі на экзаменацыйную кампанію, але і на ўсё жыццё.
Як паведамляе сайт парафіі , у касцёле адбылася святая Імша як падзяка за гады навучання ў школе і просьба аб Божым благаслаўленні і добрай здачы экзаменаў для выпускнікоў мясцовай школы. Імшу цэлебраваў у інтэнцыі моладзі пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі.
Перад пачаткам шляху ў дарослае самастойнае жыццё хлопцы і дзяўчаты маліліся, даручаючы свой лёс Пану Богу.
На заканчэнне Імшы ксёндз Віктар акрапіў усіх асвячанай вадой і ўдзяліў благаслаўленне выпускнікам і іх класнаму кіраўніку Валянціне Місевіч.
Сярож выпускнікоў гэтага года была і Ілона Калпак, чый спеў на працягу некалькіх гадоў упрыгожвае Імшы і ўрачыстасці варнянскай святыні.