27 мая, у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі памерлага пяць гадоў таму арцыбіскупа Пятра Мальчука, ардынарыя Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.
Украінскі іерарх прыбыў тады на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які праходзіў у Гродне і быў спалучаны са святкаваннем сярэбранага юбілею Гродзенскай дыяцэзіі. Ён неспадзявана памёр у жалудоцкай парафіі, дзе наведваў свайго былога аднакурсніка па семінарыі, пробашча гэтай парафіі кс. каноніка Яна Рэйшаля.
На Эўхарыстыі ў інтэнцыі спачылага арцыбіскупа сабраліся вернікі парафіі ў Жалудку, якія добра яго ведалі, бо ён неаднаразова цэлебраваў у іх святыні Імшу. Прыбылі святары з гэтага дэканату і іншых месцаў, а таксама іерархі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў літургію, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Гамілію, прысвечаную Езусу Хрысту, Найвышэйшаму Святару, якому даручыў усё сваё жыццё і служыў спачылы арцыбіскуп, прамовіў кс. Ігар Лашук, яго былы аднакурснік.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі выказаў усім словы ўдзячнасці за супольную малітву і прысутнасць у гэты дзень.
Арцыбіскуп Пётр Мальчук нарадзіўся 17 ліпеня 1965 года ў Слабодзе-Рашкаве ў Малдове. Пасля заканчэння сярэдняй школы і тэрміновай вайсковай службы паступіў у 1986 г. у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе.
3 студзеня 1989 г. уступіў у Ордэн Братоў Меншых (францішканаў), 7 чэрвеня 1992 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 1992-1998 гг. вучыўся ў Рыме ў Папскім універсітэце Antonianum, дзе атрымаў ступень доктора тэалогіі.
У 1998-1999 гг. быў вікарыем у парафіі св. Ганны ў Палонным, у 1999-2004 гг. –кусташам Братоў Меншых ва Украіне, у 2004-2007 гг. – правінцыялам правінцыі св. Міхала Арханёла Братоў Меншых ва Украіне, у 2007-2008 гг. – эканомам правінцыі Братоў Меншых ва Украіне.
29 сакавіка 2008 г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў а. Пятра Мальчука OFM дапаможным біскупам Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі, а 15 чэрвеня 2011 г. – ардынарыем Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, надаўшы яму тытул арцыбіскупа ad personam.
Адышоў у вечнасць 27 мая 2016 г.
Кс. Юрый Марціновіч