23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, парафіяльная супольнасць Святой Сям’і ў Лідзе дзякавала Богу за дары і ласкі Духа, якія ў свой час атрымала падчас сакрамэнту канфірмацыі.
Напоўненыя Святым Духам апосталы з вялікай верай і гарачай ахвотай распачалі справу евангелізацыі. Дзякуючы Спасланню Духа малады Касцёл стаўся сталай супольнасцю Уваскрослага Хрыста – Яго жывым містычным Целам.
Дары Духа Святога з’яўляюцца актуальнымі і сёння. Падчас сакрамэнту канфірмацыі вернік узрастае ў духоўным развіцці, становіцца сталым хрысціянінам, атрымлівае патрэбныя дары, каб быць сведкам Уваскрослага Пана ў сваім асяроддзі.
Менавіта гэтыя дары ўмацоўваюць хрысціяніна, каб ён мог актыўна ўдзельнічаць у жыцці парафіі, што з’яўляецца вельмі важным з самых пачаткаў Касцёла.
Дзевяць дзён у маладой лідскай парафіі праходзіла навэнна да Духа Святога, а ў саму ўрачыстасць пасля вячэрняй Імшы адбылася эўхарыстычная адарацыя. Падчас адарацыі вернікі дзякавалі Трыадзінаму Богу і праслаўлялі Яго за атрыманыя ў момант канфірмацыі дары Духа, а таксама маліліся за парафію, нашу краіну і ў сваіх уласных інтэнцыях.
Андрэй Юхнік