23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні былі прыняты ў літургічную службу алтара новыя лектары.
Лектар – асаблівая паслуга падчас літургіі, цалка накіраваная на чытанне і ўшанаванне Божага слова. Кандыдаты да гэтай паслугі, Канстанцін Урбанайць, Антон Жамойда, Міхал Дудко і Павел Надзіч, рыхтаваліся амаль два гады падчас лектарскага курсу. На фармацыйных сустрэчах яны паглыблялі сваё веданне гісторыі і сэнсу Святога Пісання, а таксама ўдзельнічалі ў аратарскіх трэнінгах, каб выразна і з пашанай чытаць Божае слова.
У гаміліі, якую прамовіў кс. Артур Ляшнеўскі SDB, было зададзена пытанне: кім ёсць Дух Святы? Святар падкрэсліў, што Дух не ў агні, віхры альбо ў белым галубе – гэта толькі знакі, якія даюць нам зразумець, што Ён блізка і каб мы звярнулі на Яго ўвагу. “Дух Святы дзейнічае праз канкрэтных асобаў – гэта значыць, што сёння менавіта праз нас! І мы павінны, як апосталы, вырвацца з зачыненага вячэрніка нашага эгаізму, каб сустрэцца з іншым чалавекам і распавесці, як моцна яго любіць Бог. Толькі тады іншыя людзі, бачачы католікаў, якія не хаваюцца і не баяцца сведчыць пра любоў, упэўнена скажуць: вось Ён, Дух Святы!” – адзначыў святар.
Пасля гаміліі кандыдаты атрымалі альбы – літургічнае адзенне, якое з гэтага моманту будуць насіць падчас святых цэлебрацый. Затым кожны, укленчыўшы перад святаром, атрымаў кнігу Святога Пісання з напамінам, што адгэтуль яны будуць “вуснамі Бога” і каб старанна і з павагай перадавалі Божаму народу словы гэтай святой Кнігі.
На заканчэнне прыняцця ў лектары кандыдаты прамовілі абяцанні любіць і годна абвяшчаць Божае слова падчас літургіі і ў жыцці.
Марта Адахоўская