У вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, 22 мая, у парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 96 парафіянам.
На Імшы ў мясцовай святыні сабраліся шматлікія вернікі, сярод якіх былі бацькі і блізкія кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Прысутныя разам маліліся аб святле Духа Святога, патрэбным кожнаму чалавеку ў штодзённым жыцці, у тым, каб прымаць правільныя рашэнні і ісці шляхам, вызначаным Богам.
Эўхарыстыю біскуп Кашкевіч цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, асабліва ўзносячы малітву за тых, хто атрымліваў у гэты дзень сем дароў Духа Святога ў канфірмацыі.
Прымаючы сакрамэнт, моладзь і дарослыя свядома вызналі сваю веру, паабяцалі пабожна жыць і, калі будзе патрэбна, аддаць жыццё за Хрыста.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, звяртаючыся да маладых людзей, прасіў іх годна правесці сваё жыццё, захаваўшы і перадаўшы далей хрысціянскія каштоўнасці.
На заканчэнне Эўхарыстыі вернікі падзякавалі іерарху за ўдзяленне сакрамэнту, а таксама выказалі віншаванні з нагоды 30-годдзя з часу прыняцця ім біскупскай сакры.
Пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Філіпчык пажадаў біскупу весці і далей Касцёл на Гродзеншчыне і заўсёды быць добрым айцом дыяцэзіяльнай сям’і.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вікторыя Бусловіч