Skip to main content

80-годдзе кс. Юзафа Занеўскага SDB, легенды беларускіх салезіянаў, адзначылі ў Жупранах

80 god 729 мая ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах (Ашмянскі дэканат) адбылася Імша падзякі за 80-годдзе жыцця і ахвярнае служэнне ксяндза Юзафа Занеўскага, салезіяніна.

На ўрачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся святары, сёстры законныя і шматлікія вернікі, у тым ліку парафіяне ксяндза Занеўскага і яго духоўныя сыны і дочкі.

Каб ушанаваць юбіляра, прысутнічалі таксама іншыя іерархі: ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Парафіяльная святыня, у якой з 1982 па 1991 год ксёндз Юзаф быў пробашчам, у гэты дзень была напоўнена ўдзячнымі вернікамі, якія захацелі падзякаваць Богу за святара, ад якога атрымалі падтрымку і добрыя словы.

Усіх прысутных прывітаў Рэгіянальны настаяцель беларускіх салезіянаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар падкрэсліў, што асоба кс. Юзафа трывала ўпісалася ў гісторыю салезіянскай сям’і на Беларусі, якая ўдзячная яму.

80 god 42

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў гамілію, у якой нагадаў пра жыццёвы шлях кс. Юзафа, яго дарогу да святарства, пра тое, як “яго мэта стаць святаром перамагла ўсе перашкоды”, пра цяжкасці яго служэння на радзіме ў часы атэізму. Таксама ён узгадаў пра асабістае знаёмства з ім, тое, як яны часта сустракаліся, раіліся і дапамагалі адзін аднаму.

Арцыбіскуп распавёў пра старанні і шматлікія дасягненні кс. Юзафа, таксама падчас яго працы ў Маскве. Па словах іерарха, вяртанне маскоўскай катэдры ў 90-я гады “было вельмі складаным і небяспечным”, “ксяндзу Юзафу нават пагражалі забойствам, ён намагаўся ўвайсці ў падвал будынка, каб там штодзённа цэлебраваць святую Імшу, а нейкі бізнесмен запланаваў там захоўваць бульбу, каб ёю гандляваць”. Пазней ксёндз Занеўскі стаў у Расіі “вельмі папулярным святаром”, і калі з нагоды юбілею яго 75-годдзя ў Маскве збіралі матэрыялы для прысвечанай яму кнігі, арцыбіскуп Кандрусевіч назваў яго “апосталам Масквы”.

“Езус выбраў цябе. Выбраў у складаны час ваяўнічага атэізму. Выбраў і паклікаў да святарства ў харызме св. Яна Боско. Выбраў і паслаў, каб служыў Яму на Беларусі і ў Расіі. Паслаў, каб ты прыносіў плён. Ты верна служыў і працягваеш служыць Богу і Касцёлу з любоўю да бліжняга”, – з такімі словамі арцыбіскуп звярнуўся да юбіляра. Іерарх пажадаў яму, каб Бог адорваў яго сваімі ласкамі, а прыклад яго служэння каб дапамог маладым людзям адчуць прыгажосць паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця.

Падчас урачыстасці было абвешчана, што біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў ксяндза Юзафа Занеўскага ганаровым канонікам катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

Дзякуючы святару за шматгадовае ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, іерарх пажадаў яму Божага благаслаўлення і шчодрых ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.

Пасля благаслаўлення, якое іерархі ўдзялілі ўсім прысутным, у адрас кс. Юзафа было выказана шмат цёплых слоў: між іншым ад сабратоў, сясцёр законных, прадстаўнікоў сем’яў і вернікаў, якім ён служыў.

Са свайго боку юбіляр падзякаваў усім за дабро і любоў, якія яму было дадзена спазнаць. Таксама салезіянін выразіў надзею, што і далей з Божай дапамогай будзе спаўняць волю Пана і будзе Яго верным слугой.

Кс. Юрый Марціновіч