10 мая ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыўся дзень засяроджання для міністрантаў, які быў прысвечаны асобам Маці Божай і св. Юзафа, Апекуна Святой Сям’і.
Тэматыка дня засяроджання была невыпадковай: Святая Сям’я апякуецца ўсёй супольнасцю лідскай парафіі, тым больш што зараз месяц май, прысвечаны Багародзіцы, а таксама Год св. Юзафа. У гэтым годзе лідская святыня з’яўляецца юбілейнай, у ёй на працягу ўсяго літургічнага года можна атрымаць поўны адпуст.
У праграме дня былі супольная малітва, канферэнцыя і маёвае набажэнства. У вольны час юнакі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Галоўным момантам дня засяроджання стала святая Імша.
Акрамя духоўнай часткі, быў час і на адпачынак. Рэкрэацыю міністранты правялі на свежым паветры, чаму спрыяла добрае надвор’е. Спартыўныя і інтэлектуальныя гульні, сумесныя размовы, паход у лес, грыль – усё гэта таксама мела месца падчас сустрэчы.
Разам са сваім душпастырам кс. Андрэем Белаблоцкім хлопцы памаліліся аб вечным шчасці для былога пробашча парафіі, спачылага кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, каля яго магілы.
Ксёндз Юзаф вельмі клапаціўся пра літургічную службу алтара: спачатку сам, а пазней пры дапамозе вікарыяў. Між іншым ён вельмі ганарыўся сваімі міністрантамі і цешыўся, што так шмат юнакоў прыходзіла служыць пры алтары.
Андрэй Юхнік