У нядзелю 18 красавіка вернікі парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Навагрудскі дэканат) павіншавалі свайго пробашча з залатым юбілеем.
У гэты дзень а. Ежы Саковіч OSPPE цэлебраваў у парафіяльнай святыні Імшу падзякі за дар жыцця ў 50-годдзе нараджэння.
Пасля Эўхарыстыі юбіляру было выказана шмат цёплых слоў. Парафіяне дзякавалі свайму душпастыру за духоўны клопат, мудрыя і павучальныя казанні, удзяленне святых сакрамэнтаў.
Вернікі жадалі святару, каб Бог на многія гады захаваў яго ў добрым здароўі, каб ён яшчэ доўга мог абвяшчаць ім Божае слова і весці да Яго.
Айцец Ежы Саковіч належыць да Ордэну святога Паўла – першага пустэльніка (паўліны). Супольнасць названа ў гонар св. Паўла з Тэба, першага прызнанага Каталіцкім Касцёлам і іншымі Цэрквамі пустэльніка.
Мэты гэтай супольнасці – сузіранне, малітва, пакаянне, распаўсюджванне культу Маці Божай, здзяйсненне сакрамэнту пакаяння і паяднання. Яе дэвіз – “Solus cum Deo solo” (“сам-насам з Богам”).
Айцец Ежы Саковіч – адзіны манах паўлін, які служыць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Kс. Юрый Марціновіч