18 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні, дзе актыўна вядзецца будаўніцтва новага касцёла.
У парафіяльнай капліцы іерарх удзяліў вернікам, якія сабраліся на малітве, благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на заканчэнне адарацыі.
Затым пастыр Касцёла на Гродзеншчыне накіраваўся на будоўлю. Там пробашч парафіі кс. Яўген Учкуроніс азнаёміў іерарха з этапамі будаўніцтва касцёла, сцены якога паступова ўзводзяцца дзякуючы дапамозе Бога і матэрыяльнай падтрымцы парафіян і людзей добрай волі.
Біскуп пажадаў пробашчу і ўсёй парафіяльнай супольнасці працягваць з Божай дапамогай гэтую справу, узводзячы святыню, так патрэбную вернікам Смаргоні.
Таксама іерарх падзякаваў кс. Яўгену Учкуронісу і яго супрацоўніку вікарыю парафіі кс. Віталію Валюку за духоўны клопат пра вернікаў, даручаных ім.
Парафія св. Яна Паўла ІІ была створана ў 2012 годзе. 17 лістапада 2012 г. адбылося асвячэнне крыжа і пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла. 15 ліпеня 2013 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў новую капліцу.
22 кастрычніка 2014 г., у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, біскуп асвяціў фундамент будучага касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч