У сувязі з 30-годдзем заснавання Гродзенскай дыяцэзіі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч скіраваў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу, які быў прызначаны яе першым пастырам.
“Ваша Эксцэленцыя, у сувязі з 30-годдзем заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і Вашага прызначэння яе першым пастырам прыміце мае шчырыя віншаванні, якія ў Вашай асобе я кірую таксама Вашаму дапаможнаму біскупу Яго Эксцэленцыі Юзафу Станеўскаму, святарам, законнікам і законніцам, а таксама ўсім вернікам Касцёла на Гродзеншчыне”, – піша Апостальскі Нунцый.
“30 гадоў таму Папа святы Ян Павел ІІ булай Qui operam заснаваў Гродзенскую дыяцэзію для ўпарадкавання рэлігійнага жыцця на гэтых землях, дзе духавенства і вернікі доўгія дзесяцігоддзі цярпелі пераслед за сваю веру і далі сведчанне непахіснай вернасці Хрысту і Яго Касцёлу сярод жорсткіх выпрабаванняў. За тры дзесяцігоддзі, што мінулі з таго часу, Касцёл на Гродзеншчыне адрадзіўся і сёння па праве ганарыцца добрым плёнам евангельскай руплівасці яго шматлікіх дачок і сыноў: свецкіх вернікаў, кансэкраваных асоб і духоўных пастыраў”, – адзначае прадстаўнік Святога Айца.
“З нагоды гадавіны заснавання Гродзенскай дыяцэзіі жадаю гэтаму даручанаму Вашай пастырскай апецы мясцоваму Касцёлу далейшага развіцця і паспяховага ажыццяўлення місіі абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню. Няхай гэты верны Божы народ узрастае пад Матчыным заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў, і будзе адданы служэнню Богу па прыкладу яго святых апекуноў: святога Казіміра і святога Максімільяна Марыі Кольбэ”, – піша арцыбіскуп.
“Абяцаю сваю малітву ў гэтай інтэнцыі, а таксама прашу Вас, Ваша Эксцэленцыя, і ўсіх вернікаў узлюбленай Гродзенскай дыяцэзіі маліцца за Святога Айца, Папу Францішка, а таксама за мяне, прадстаўніка Папы на гэтай дарагой яму зямлі, акропленай крывёю шматлікіх сведкаў веры”, – дадае іерарх.
Карыстаючыся нагодай, Апостальскі Нунцый даручае пастырскае служэнне біскупа Аляксандра Кашкевіча заступніцтву Беззаганнай Панны Марыі і запэўнівае ў сваёй павазе да яго.