1 красавіка ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе на Імшы Вячэры Пана да літургічнай службы алтара былі далучаны новыя асобы.
Шэрагі міністрантаў парафіі папоўнілі 12 юнакоў, якія рыхтаваліся да гэтай падзеі з верасня мінулага года.
На пачатку Эўхарыстыі адказны за літургічную службу алтара кс. Андрэй Белаблоцкі прадставіў кандыдатаў пробашчу кс. Руслану Мазану і парафіяльнай супольнасці, пацвердзіўшы іх падрыхтаванасць да служэння пры алтары. Пробашч благаславіў юнакоў на служэнне, здзейсніў благаслаўленне іх комжаў, а старэйшыя міністранты ў знак прыняцця ў сваю супольнасць новых членаў дапамаглі малодшым братам апрануць літургічнае адзенне.
Варта адзначыць, што традыцыя прыняцця кандыдатаў у міністранты ў Вялікі чацвер захоўваецца ў лідскай парафіі больш за 10 гадоў. На дадзены момант у гэтай парафіі налічваецца каля 80 міністрантаў, якія дапамагаюць святарам пры алтары.
Таксама на Імшы Вячэры Пана былі ўстаноўлены чатыры новыя лектары. Гэтаму папярэднічала падрыхтоўка і практыка. З Вялікага чацвярга яны будуць выконваць гэтую функцыю непасрэдна падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Лектары атрымалі благаслаўленне, а затым ім былі ўручаны альбы і крыжы.
Акрамя гэтага, пробашч пасля засведчання добрай характарыстыкі душпастыра міністрантаў устанавіў цырыманіярыяў, заданнем якіх з’яўляецца падрыхтоўка літургіі і асісты, а таксама дапамога святару на Імшы, асабліва падчас урачыстасцяў.
Сімвалічным з’яўляецца тое, што гэтыя абрады адбыліся ў Вялікі чацвер, калі літургія Божага слова прадстаўляе сцэну ў вячэрніку, дзе Езус прыслугоўваў сваім вучняў, абмываў ім ногі і заклікаў іх да служэння адзін аднаму.
Пробашч парафіі падзякаваў душпастыру службы алтара за падрыхтоўку кандыдатаў, адзначыў жаданне і ахвоту юнакоў служыць пры алтары. Парафіянаў пробашч заахвоціў да малітвы за новых міністрантаў, каб яны, здабываючы веды, вучыліся сапраўды служыць бліжнім.
Андрэй Юхнік