У сакавiку, калi Касцёл успамінае ў літургіі каралевіча Казіміра, у парафii Святога Духа ў Гродне (Альшанка) прайшоў конкурс ведаў пра гэтага святога – апекуна Гродзенскай дыяцэзii.
У конкурсе прынялi ўдзел дзецi рознага ўзросту. Сустрэча пачалася сумеснай Лiтаніяй да св. Казiмiра. Праз кожны заклiк дзецi маглі паглыбіць свае веды пра жыццё святога, а таксама адкрыць для сябе, чаму можна ад яго вучыцца.
Конкурс праходзіў у два этапы. Першы этап складаўся з пытанняў для каманд. У дзяцей была магчымасць пазнаёмiцца, падзялiцца ведамi i праз абмеркаванне прыйсцi да сумеснага рашэння. Разнастайнасць заданняў не давала ўдзельнікам сумаваць: конкурс уключаў пытаннi са скрынкi, таямнiчыя паветраныя шары, складанкi са слоў, поле цудаў. У другім этапе ўдзельнікі змагалiся за першае месца, таму кожны павiнен быў адказваць на пытаннi iндывiдуальна.
Усе дзецi паказалi вельмi высокi ўзровень ведаў, але самае галоўнае тое, колькi радасцi яны ўнеслi ў мерапрыемства.
На заканчэнне адбылося ўзнагароджванне ўдзельнiкаў конкурсу, а пасля – сумесная малiтва да св. Казiмiра.
С. Вікторыя Галуза