25 сакавіка рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне адзначаў адпустовую ўрачыстасць.
Роўна 370 гадоў таму святыня была кансэкравана і атрымала тытул Звеставання.
На малітве сабраліся святары, сёстры законныя з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая шмат гадоў апякуецца гэтым касцёлам, і жыхары горада. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Як падкрэсліў іерарх у гаміліі, урачыстасць Звеставання Пана нагадвае нам пра тое, што вечны Бог, якога ніхто ніколі не бачыў і які з’яўляецца найдасканалейшым духам, прымае чалавечае аблічча і пасяляецца ў дзявочым улонні Найсвяцейшай Панны Марыі.
Біскуп дадаў, што з гэтай хвіліны пачынаецца новая эпоха ў чалавечай гісторыі – эпоха, адзначаная прысутнасцю Езуса, Збаўцы і Адкупіцеля, сярод свайго народу.
“Гэта дзівосная хвіліна, калі Бог становіцца чалавекам, каб здзейсніць усё, што Ён задумаў для чалавека. Сын Божы прыйшоў у свет для таго, каб мы сталі сапраўднымі дзецьмі нашага Нябеснага Айца”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, у гэты дзень мы святкуем цуд з’яўлення новага жыцця, якое стала дарам любові Бога для ўсяго чалавецтва, а таксама прыгадваем праўду пра тое, што кожнае чалавечае жыццё – Божы дар.
“Бог любіць жыццё. Кожны чалавек, адораны жыццём, жаданы і любімы Богам. Бо гэты цудоўны дар жыцця ніхто, акрамя Бога, не можа нам даць”, – сказаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што гэты дар не належыць нам і мы не можам ім распараджацца, але можам толькі прыняць яго ў духу паслухмянасці, з найвялікшай пашанай і падзякай.
Біскуп падкрэсліў, што ўжо больш за 20 гадоў ва ўрачыстасць Звеставання Пана ў Касцёле адзначаецца Дзень святасці жыцця, а шмат хрысціян здзяйсняе духоўнае ўсынаўленне зачатых дзяцей.
Іерарх нагадаў жудасную статыстыку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2020 год, якая кажа, што з-за пандэміі COVID-19 ва ўсім свеце страцілі жыццё амаль 2 мільёна чалавек. Адначасова, паводле той жа арганізацыі, у мінулым годзе было зроблена больш за 42 мільёна абортаў. Такім чынам, у выніку абортаў спынілася ў 20 разоў больш чалавечых існаванняў, чым па прычыне каранавірусу.
“Як хрысціяне, мы не можам быць да гэтага абыякавымі. Жыццё – гэта дар, цяжкі і прыгожы адначасова”, – дадаў біскуп.
У гэты дзень у гродзенскай святыні маліліся за ўсіх бацькаў і маці, якія чакаюць з’яўлення новага жыцця, а больш за 40 чалавек далучыліся да малітоўнай ініцыятывы духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці.
На заканчэнне ўрачыстасці рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза падзякаваў усім за прыбыццё і супольную малітву.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая