16 сакавіка ў гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша ў інтэнцыі а. Казіміра Жыліса SJ у 30-ы дзень пасля яго смерці.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй удзельнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, сёстры законныя, вернікі.
Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі паразважаў над сутнасцю святарства і ўзгадаў, якім быў спачылы. Іерарх адзначыў, што айцец Казімір быў вязнем канфесіянала, а таксама нястомна абвяшчаў Божую міласэрнасць.
Біскуп сказаў, што ведаў айца Жыліса дзясяткі гадоў і той праз усё жыццё пакідаў добры след сваім прыкладам.
“Ён быў разьбяром чалавечых душ, вучыў глыбокай веры, вучыў ісці за Хрыстом, вучыў надзеі, – дадаў біскуп. – Сляды яго душпастырскай працы застануцца ў нашай памяці”.
На заканчэнне Эўхарыстыі прысутныя памаліліся “Анёл Панскі” за збаўленне душы спачылага.
Айцец Казімір Жыліс нарадзіўся 4 сакавіка 1945 г. у вёсцы Лігінішкіс у Літве. У 1963 г. скончыў сярэднюю школу, працягваў адукацыю ў Вільні ў галіне грамадзянскага будаўніцтва.
У 1965 годзе быў прызваны ў Савецкую армію, праходзіў службу ў вайсковай частцы ў Навасібірску. У 1968 г. пачаў працаваць кранаўшчыком у Каўнасе.
Праз год распачаў фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе, у навіцыят Таварыства Езуса ўступіў 15 ліпеня 1972 года, калі езуіты ў Літве яшчэ не дзейнічалі адкрыта.
Першыя манаскія абяцанні прынёс 12 снежня 1972 года, прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 17 красавіка 1973 г. біскуп Юзаф Лабунас. Служыў у 70-я гады ў розных літоўскіх парафіях.
У 1978 г. быў накіраваны ў Вінніцу (Украіна), тры гады быў там пробашчам парафіі. У 1981 г. вярнуўся ў Літву, у 1983 г. стаў пробашчам у Індуры на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе працаваў да 2000 г. У 1992 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў яго ў Далас (ЗША) на навучанне для працы на тэлебачанні.
4 сакавіка 2002 г. айцец Жыліс урачыста прынёс чатыры абяцанні ў сваім ордэне ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.
Да 2016 г. служыў у гродзенскай катэдры вікарыем, развіваў душпастырства цвярозасці. Кіраваў тэлестудыяй Гродзенскай дыяцэзіі, быў душпастырам літоўцаў у Гродне, наведваў гродзенскую турму і папраўчыя калоніі.
У 2016 г. паехаў у Польшчу, каб прайсці лячэнне і дапамагаць у парафіяльнай працы пры санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Адначасова ажыццяўляў душпастырскую апеку над літоўцамі ў Варшаве. З ліпеня 2020 г. адносіўся да Велькапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса.
Размаўляў на літоўскай, рускай, польскай, украінскай, беларускай і англійскай мовах; граў на аргане, фартэпіяна, акардэоне.
У памяці многіх вернікаў ён застаецца чалавекам-легендай, які змагаўся з атэізмам, не вагаўся называць грэх грахом, быў прапаведнікам праўды, аўтарытэтам для вязняў, нястомным спаведніком, якога заўсёды можна было застаць у канфесіянале.
Адышоў да Пана на 48-м годзе манаскага паклікання і 47-м годзе святарства.
Вольга Сяліцкая
Фота: Святлана Пацук