Skip to main content

Кірмаш “Казюкі” ў гонар святога каралевіча Казіміра прайшоў у Гродне

36 сакавіка ў Гродне на Савецкай плошчы адбыўся традыцыйны кірмаш “Казюкі” ў гонар святога каралевіча Казіміра.

Каб прадставіць сваю прадукцыю, у Гродна прыбылі каля 140 таленавітых майстроў з розных месцаў Беларусі, а таксама з Украіны.

Рамеснікі прадставілі эксклюзіўныя працы са скуры, гліны, саломы, металу, шкла і іншых матэрыялаў, выкананыя ў разнастайных тэхніках. Прысутныя мелі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах.

Падчас “Казюкоў” не было недахопу таксама ў музыцы і народных прыпеўках.

Гэты кірмаш стаў ужо традыцыяй, якая падтрымліваецца 20 гадоў і праводзіцца ў памяць святога каралевіча Казіміра – апекуна моладзі, майстроў і рамеснікаў.

Святы Казімір звязаны з горадам над Нёманам, дзе памёр ва ўзросце 26 гадоў у нядзелю перад узыходам сонца 4 сакавіка 1484 г., верагодна, ад сухотаў.

Каралевіч з дзяцінства вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю, праводзячы шмат гадзін на малітве. Ён прынёс абяцанне чыстасці, захоўваў пост, насіў валасяніцу, спаў на голай зямлі. Асабліва ён любіў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнства ў гонар Маці Божай, а калі ноччу знаходзіў касцёл зачыненым, маліўся перад яго дзвярыма.

У іканаграфіі святы прадстаўлены са скруткам у руцэ, на якім напісаны словы лацінскага гімну “Omni die dic Mariae” ў гонар Маці Божай, якой ён прысвячаў вялікае набажэнства.

Казімір з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых, галоўным апекуном Літвы, дзе ў віленскай катэдры быў пахаваны, другарадным апекуном Гродзенскай дыяцэзіі і апекуном гродзенскага тэалагічнага каледжа, які названы ў яго гонар.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: newgrodno.by