Неба – наша айчына. Урачыстасць Унебаўшэсця Пана
Развітанне Езуса з вучнямі, якое адбылося ў дзень Яго ўнебаўшэсця, нагадвае пра многія развітанні, якія перажывае кожны чалавек у сваім жыцці.
Кожны з нас мусіць развітацца з дзяцінствам, з маладосцю, з перыядам поспехаў, з часам, калі мы патрэбныя і ў цэнтры ўвагі. Мы мусім развітацца з дарагімі нам людзьмі, з месцамі на зямлі, у якіх нам утульна і добра. Кожнае развітанне прычыняе боль, часам моцны. Але ў кожным развітанні ёсць таксама шанец на штосьці новае, бо кожнае развітанне ачышчае і развівае.
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана мы адзначаем 9 мая.
Расставанне Езуса з вучнямі напоўнена, аднак, надзеяй і радасцю. Вучні, поўныя энтузіязму і моцы Духа Святога, ідуць у свае дамы з вялікай радасцю і абвяшчаюць Евангелле, значыць тое, што пачулі ад свайго Настаўніка і Кіраўніка. Евангелле нам кажа, адкуль вучні чэрпалі сілу для такой радасці. Яны пастаянна знаходзіліся ў святыні, праслаўляючы і благаслаўляючы Бога. Малітва, прабыванне ў святыні, праслаўленне Бога былі для іх прадчуваннем неба, у якое ўвайшоў Езус.
Досвед унебаўшэсця пасылае нас у штодзённасць, дзе мы знаходзімся, вучымся і працуем. Мы павінны несці неба туды, дзе знаходзіцца штодзённасць, дзе “пекла”, дзе пануюць пустэча і бессэнсоўнасць. Мы не павінны пастаянна ўзірацца ў неба (пар. Дз 1, 10n). Неба адкрываецца над намі, калі мы з Езусам, калі прабываем на малітве, на Эўхарыстыі...
“Езус Хрыстус, Галава Касцёла, апярэджвае нас у хвалебным Валадарстве Айца, каб мы як члены Яго Цела жылі ў надзеі, што аднойчы будзем з Ім навекі” (ККК 666).
Несумненна, бывае хвіліна, калі малітва, Эўхарыстыя пачынаюць стамляць, мучыць. Але ад часу да часу мы адчуваем таксама блізкасць Езуса, супольнасці, адкрыццё неба. Мы адчуваем тады, што ўсе іншыя справы і рэчы адносныя, другасныя, неабавязкова для нас патрэбныя. Гэта не ўцёкі ад праблем, ад штодзённасці, а ўсведамленне, што яны не ўтвараюць усю прастору нашага жыцця.
Унебаўшэсце Езуса выклікае радасць. У духоўным жыцці мы не павінны прымушаць сябе да яе. Сапраўдная радасць ўжо ў нас. Яна толькі заслонена праблемамі, цяжкасцямі звычайнага дня, клопатамі, жаданнямі, празмернай засяроджанасцю на зямных справах. Калі мы часцей будзем углядацца ў неба і ўсведамляць, што там наша айчына (пар. Флп 3, 20), адкрыем радасць, якая ў глыбіні нашых сэрцаў. І гэтая радасць будзе паступова перамяняць нас, наша акружэнне і штодзённасць.
Святы Аўгустын калісьці вельмі прыгожа маліўся: “Хрыстус уваходзіць у неба, няхай увойдзе з Ім і наша сэрца”. Будзем жа маліцца кожны дзень падобным чынам.
Кс. Юрый Марціновіч