Skip to main content

Вялікая пятніца – дзень строгага посту

img topУ Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

Вялікая пятніца заўсёды была днём асаблівага пакаяння і посту. У Вялікую пятніцу Мукі Пана прадпісаны абавязковы строгі пост - на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных страваў.

У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй у гэты дзень Касцёл не здзяйсняе Эўхарыстычнай ахвяры. Св. Імша не цэлебруецца ў знак вялікай пашаны да ахвяры Езуса Хрыста за грахі ўсяго свету.

У гэты дзень цэлебруецца спецыяльнае набажэнства Вялікай пятніцы - літургія Мукі Пана. Святар ва ўборы чырвонага колеру падыходзіць да алтара і распасціраецца перад ім крыжам. Некаторы час вернікі моляцца ў поўнай цішыні. Пасля адбываецца чытанне евангельскага фрагмента ад развітальнай размовы Хрыста з вучнямі пасля Апошняй вячэры да Яго пахавання.

Цэнтральнай часткай літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя святога Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету. Звычайна духавенства і ўсе вернiкi па чарзе падыходзяць да Крыжа і цалуюць яго, аддаючы пашану Збавіцелю чалавецтва. Аднак сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй Крыж праз пацалунак ушаноўвае толькі галоўны цэлебранс літургіі.


good friday 3779943 640


Апошнім літургічным актам гэтага дня з’яўляецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.

Кожны год у Вялікую пятніцу пачынаецца Навэнна да Божай міласэрнасці, якая працягваецца дзевяць дзён.

JM

 

Рэдагавана: 29 Сакавіка 2024