На вуліцы ціша. Дома трываюць заключныя прыгатаванні да ўрачыстасці. У адвэнтавым вянку вернікі запальваюць апошнюю свечку – наблізілася вялікае свята веры.
Як Святло з вышыняў
“Снежань у Ісландыі з’яўляецца адным з найцямнейшых месяцаў у годзе, – распавядае с. Людміла Леўдаровіч MChR з Гродзенскай дыяцэзіі, якая служыць у Рэйк’явіку. – Світае каля 11-ай гадзіны раніцы, а цямнее каля 15-ці, таму вуліцы і дамы ўпрыгожвае шмат штучных агеньчыкаў. Гэта прыгожа, і асабіста для мяне ўпісваецца ў рэлігійны і біблейскі кантэкст, калі мы чакаем Хрыста на Божае Нараджэнне. Чакаем Яго, як Святло з вышыняў неба, якое прыносіць яснасць. Агеньчыкі нам пра гэта нагадваюць”.
Багата дэкараваная ялінка, якую ўпрыгожваюць да свята, таксама асвятляе вячэрні час. Згодна з навукай Касцёла, яна з’яўляецца адлюстраваннем райскага дрэва жыцця або дрэва пазнання. У Бурундзі (Усходняя Афрыка) замест ялінкі ставяць бананавае дрэва. Тут банан з’яўляецца сімвалам прывітання госця. Расліну змяшчаюць таксама ў шопцы. Гэта азначае павагу, з якой вернікі вітаюць Немаўля. У Нікарагуа (Цэнтральная Амерыка) упрыгожваюць кававае дрэва, а ў Індыі – мангавае.
“Жывое Евангелле”
Галоўным сімвалам калядных свят з’яўляецца шопка. Звычай паўстання ясляў з фігурай навароджанага Езуса шырока распаўсюджаны ва ўсім свеце. Вялікую папулярнасць ён набыў у Італіі.
Як распавядае кс. Раман Суша з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які спачатку вучыўся, а цяпер служыць у Рыме, у кожнай мясцовасці маюцца свае адметнасці: “У Неапалі, на знакамітай Віа-Сан-Грэгорыа-Армэна, круглы год можна набыць фігуркі для батлейкі. Сярод традыцыйных «фігурантаў» каго толькі не сустрэнеш! Тут будзе і Марадона, і Ранальда, і папа Францішак… Батлейкі нярэдка будуюць тыднямі, месяцамі. Звычайна яны маюць арганізаваную змену дня і ночы, а фігуркі могуць механізавана рухацца”.
У перыяд калядных свят у Ватыкане арганізуецца Міжнародная выстава батлеек. У каланадзе плошчы св. Пятра зараз прадстаўлена больш за 120 калядных сцэн з 22-ух краін свету. Батлейкі выраблены з розных матэрыялаў: дрэва, тканіны, пяску і інш. Адлюстроўваюць нацыянальны каларыт і багацце народных традыцый кожнага з прадстаўленых рэгіёнаў.
Сёлета экспазіцыя прымеркавана да 800-годдзя з часу стварэння калядных ясляў. Аўтарам ідэі, якая пазней перарасла ў традыцыю, лічыцца св. Францішак Асізскі. У 1223 годзе ён упершыню арганізаваў святочную стайню. У італьянскім Грэчча манах стварыў “жывую” інсцэніроўку з людзьмі і жывёламі, намагаючыся наблізіць вернікам таямніцу Божага Нараджэння.
Па гэтай прычыне сёлета калядныя яслі на плошчы св. Пятра па-сапраўднаму незвычайныя. Дзіцятка Езус трымае не Марыя і не Юзаф, а св. Францішак. Гэта зроблена з тым намерам, каб пілігрымы задумаліся над сэнсам ініцыятывы святога.
Вігілія
Глыбокую сімволіку мае вігілійная вячэра, якая сягае каранямі першых вякоў хрысціянства. Ужо тады веравызнаўцы Хрыста збіраліся разам на Эўхарыстыю, а пасля на супольнае спажыванне пасілку – agape (з грэч. “любоў”), дзе дзяліліся радасцю ад таго, што ўтвараюць еднасць у Збаўцы.
З даўніх часоў у дзень перад Божым Нараджэннем вернікі захоўвалі строгі пост і чакалі гэтай вялікай урачыстасці, молячыся разам. У многіх краінах дадзеная традыцыя захавалася. Католікі Беларусі яе таксама падтрымліваюць. Менавіта таму ў нашых людзей могуць выклікаць здзіўленне мясныя стравы на вігілійным стале.
У Нарвегіі, напрыклад, спажываюць свіныя рэбры альбо бараніну. У Перу гатуюць мяса марскіх свінак. Справа ў тым, што ўстрыманне ад спажывання мяса не адносіцца да кананічнага абавязку, дадзеная норма рэгулюецца мясцовым Касцёлам. Аднак гэта не прымяншае вартасці дадзенай традыцыі, якая дзесяткі стагоддзяў існуе ў розных частках свету.
Сярод краін з няпосным меню ёсць таксама… Італія. “Першы вігілійны вечар сустрэў мяне звычайнай вячэрай: проста паста і мясная страва на «другое». Ніякага чытання Евангелля, 12-ці страў ці сена пад абрусам, – распавядае кс. Раман Суша. – Пасля св. Імшы пробашч пачаставаў салодкім хлебам «панэттонэ» – і на гэтым вігілія скончылася”.
У той жа час “калядная куцця” не губляе сваёй папулярнасці, асаблівым чынам у цэнтральнай і ўсходняй Еўропе. Згодна са старадаўнімі звычаямі, да вігілійнага стала падаюцца стравы з капусты, гароху, маку і сухафруктаў. Адзін з галоўных атрыбутаў поснага меню – куцця, а таксама клёцкі, смажаная рыба, розная выпечка.
У коле сям’і
Па традыцыі, як адзвоняць званы ў касцёле і прагучыць радаснае “Gloria in excelsis Deo”, вернікі спяшаюцца падзяліцца аплаткай з блізкімі. Пасля ранішняй урачыстай св. Імшы тлумы сваякоў з’язджаюцца ў бацькоўскі дом, каб сустрэцца за вялікім сталом. Пад адным дахам на свята можа сабрацца некалькі пакаленняў родзічаў!
Такога звычаю прытрымліваюцца ў той жа Італіі і самі святары: “Якія б вялікія ні былі парафіі ў душпастыраў, яны абавязкова едуць на святочны абед да сваіх родных”, – гаворыць кс. Раман Суша. Гэта важна – захоўваць традыцыі, каб не згубіць сувязь часоў і пакаленняў, каб не забывацца пра свае карані…
Урачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца святам сям’і і сэрца. У краінах, дзе хрысціянскі кантэкст святкавання Раства губляецца, людзі па ўнутраным закліку, інтуітыўна выпраўляюцца да сваіх блізкіх, каб правесці вольны час разам. Чалавек заўжды туліцца, каб атрымаць цяпло і падтрымку. І ён знаходзіць тое, чаго шукае сэрцам! Нездарма гэтае свята называюць “самым цёплым” у календары – успаміны аб перажыванні святога часу саграваюць душу, дораць надзею, радасць і супакой.
Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская