Skip to main content

У Вялікі чацвер распачынаецца святы Пасхальны трыдуум

wielki czУ Вялікі чацвер, які мы ў гэтым годзе сустракаем 28 сакавіка, былі ўстаноўлены сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння. У гэты дзень мы aдкрываемся на сакрамэнт Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для выратавання душы.

Мы зноў перажываем прыняцце святой Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Найвышэйшым. На ўзор Хрыста, які прынізіў сябе, імкнемся старанна служыць у братэрскай любові бліжняму.

У катэдральных касцёлах у Вялікі чацвер у першай палове дня праходзіць так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Падчас гэтай Імшы біскуп асвячае алей хворых i алей катэхуменаў, кансэкруе алей хрызма. Святары аднаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні.

Увечары ва ўсіх святынях цэлебруецца Імша ва ўспамін Апошняй Вячэры, якая распачынае Святы Пасхальны Трыдуум. Гэта тры святыя дні, калі мы будзем разважаць пра ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння, пра муку і смерць нашага Пана Езуса Хрыста, а таксама пра Яго Уваскрасенне.


wielkicz


Мы будзем збірацца вакол Хрыста Пана, як вучні на Апошняй Вячэры. Удзельнічаць у тых жа падзеях. Той жа самы Езус запросіць нас да супольнага стала. Возьме хлеб і віно і пераменіць у свае Цела і Кроў, каб нас накарміць. Перш чым адыйдзе да Айца, пакіне нам запавет любові, нягледзячы на ноч здрады, нягледзячы на блізкую муку і крыжовую смерць. Гэтым Запаветам з’яўляецца Ён сам. Ён застаўся з намі ў святых сакрамэнтах, у Эўхарыстыі і сакрамэнце пасвячэння.

Адыходзячы, Хрыстус абавязаў нас да супольнай любові. Ён пакінуў нам красамоўны прыклад, падчас Апошняй Вячэры абмыўшы ногі сваім вучням, і даручыў нам кіравацца ў жыцці прынцыпам любові, сказаўшы: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12).

Сёння праз служэнне святароў мы можам карміцца Целам Хрыста. Няхай жа гэты дзень будзе часам асаблівай малітвы за іх служэнне.

Будзем прасіць Бога, каб не было недахопу ў тых, хто ўдзяляе нам сакрамэнты, будзем прасіць аб фізічных і духоўных сілах для іх, будзем прасіць аб Божай ласцы, патрэбнай для годнага здзяйснення святых абрадаў, будзем прасіць аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарства. Няхай Усемагутны Бог сцеражэ і ўмацоўвае нашых святароў.

 

Рэдагавана: 27 Сакавіка 2024